У Лідзе 12 верасня адбылося афіцыйнае адкрыццё першай у Беларусі інклюзіўнай веладарожкі працягласцю каля 10 км. Як піша s**boda.org, прэс-служба ПРААН у Беларусі паведаміла, што дарожка даступная для веласіпедыстаў усіх узростаў і фізічных магчымасцяў і праходзіць праз асноўныя славутасці Ліды.
Дарожка разлічаная як на традыцыйныя ровары, так і на спецыяльныя мадэлі з ручным кіраваннем і электрычныя прыстаўкі да інвалідных вазкоў, якія адаптаваныя пад патрэбы і фізічныя магчымасці людзей з інваліднасцю.
Фінансаванне ініцыятывы склала 236 тысяч долараў ЗША ў межах праграмы развіцця Міністэрства замежных спраў Польшчы «Польская дапамога».
На спецыяльна спраектаваных участках дарожкі можна таксама камфортна катацца на самакатах, роліках і нават на ролерных лыжах. Па ўсім шляху ўстаноўленыя дарожныя знакі, нанесеная разметка, абсталяваныя велапаркоўкі, а таксама будуць пабудаваныя дзве спартыўныя (воркаўт) пляцоўкі, на якіх могуць займацца і людзі з інваліднасцю.