Жыхар г. п. Воранава Дзяніс Мушынскі злавіў карпа вагой 32 кг і не стаў есці. Рыбак вырашыў перавезці яго ў прыватны вадаём, дзе праводзяць міжнародныя спаборніцтвы па карпфішынгу — у Мінскую вобласць.
32-кілаграмовы насельнік воранаўскай сажалкі трапіўся, а трэцяй гадзіне ночы 6 верасня, піша voran.by. Дарэчы, па словах бывалых рыбакоў, займець такі трафей можна ў цёплы час года, бо на зімовы перыяд карп спыняе харчаванне і сыходзіць на так званую спячку. Для зімоўкі рыба выбірае глыбокія ямы або закопваецца ў глей. З першым цяплом ён пакідае сваё сховішча і пачынае звычайны лад жыцця.
— За 12 гадоў майго захаплення добрыя ўловы, вядома, былі, але такі трафей упершыню, — распавёў сябра раённай арганізацыйнай структуры РДГА «БТПР» Дзяніс Мушынскі. — Па памеры было зразумела, што рыба ўзроставая. Вядома, што на працягу ўсяго свайго жыцця асобіны гэтага віду растуць. Такім чынам, чым больш памеры, тым рыба старэйшая. У асноўным, гэты від жыве каля 30-ці гадоў, але ёсць і асобіны, якія дасягаюць проста гіганцкіх памераў, а іх узрост перавышае 50 гадоў. Таму і вырашыў перавезці воранаўскага жыхара бліжэй да сталіцы.
У паўночна-ўсходняй частцы Мінскай вобласці на рацэ Чарніца знаходзіцца прыватны вадаём для рыбалоўнага спорту, на якім праводзяцца трэніроўкі і міжнародныя спаборніцтвы па карпфішынгу. Лоўля на гэтым вадаёме дазволена толькі спартыўнымі снасцямі і паводле прынцыпа «Злавіў - выпусці!». Рыбаловы абавязкова павінны мець пры сабе мат і карпавы падхват, а таксама карыстацца толькі бяспечнымі карпавымі мантажамі, для таго, каб у выпадку абрыву рыба магла самастойна вызваліцца ад снасці.