КаАП дапоўняць нормай аб адказнасці за продаж непаўналетнім электронных цыгарэт, піша БЕЛТА. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі рыхтуюць да першага чытання законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці».
Алег Леўшуноў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, распавёў, што змены ўносяцца ў арт.12.17 КаАП (парушэнне правілаў гандлю, якое выявілася ў продажы алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва непаўналетнім). Ён дапаўняецца адказнасцю за продаж непаўналетнім асобам тытунёвых вырабаў і вадкасцяў для электронных сістэм курэння. Адпаведна скарэкціраваны арт. 12.26 КаАП (парушэнне індывідуальным прадпрымальнікам або службовай асобай юрыдычнай асобы ўстаноўленага парадку рэалізацыі тытунёвых вырабаў).
Акрамя таго, у абноўленым варыянце ў ім прадугледжаны меры адказнасці за парушэнне парадку продажу тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцяў для электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню. Санкцыі абодвух артыкулаў прадугледжваюць штраф ад 20 да 50 базавых велічынь (адна базавая зараз роўная Br25,5).
Дэкрэт № 2 падпісаны 24 студзеня 2019 года для паслядоўнага абмежавання даступнасці тытунёвых вырабаў, прадухілення негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва.
Прадугледжана заканадаўчае ўрэгуляванне вытворчасці, абароту і выкарыстання электронных сістэм курэння, а таксама прыладаў, якія выкарыстоўваюцца для награвання тытуню без яго гарэння або тлення — сістэм для спажывання тытуню. У прыватнасці, забараняецца іх адкрытая выкладка ў вітрынах і другім гандлёвым абсталяванні. Прадугледжваюцца абмежаванні па месцах продажу, выкарыстання (спажывання). Уводзяцца забароны на рэкламу, продаж непаўналетнім вадкасцяў для электронных сістэм курэння.
Для забеспячэння паэтапнага абмежавання даступнасці тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх дэкрэтам прадугледжваецца ўвядзенне забароны на выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб’ектаў слоў, тоесных або падобных з найменнем відаў тытунёвых вырабаў. З 1 студзеня 2020 года ўводзяцца патрабаванні да продажу ў крамах, якія маюць гандлёвую плошчу больш за 1000 кв.м, тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх толькі праз таварныя аддзелы. З 1 студзеня 2022 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў у крамах і павільёнах абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.