На закон пра пашырэнне бязвізавай зоны ў Беларусі ўскладаюць вялікія спадзевы многія польскія турыстычныя агенствы, лічаць супрацоўніцы беластоцкага філіяла польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства Марта Талуць і Малгажата Лупіньска. Новыя магчымасці бязвізу дазволілі б адкрыць новыя турыстычныя маршруты ўжо ў наступным годзе, а таксама зрабіць іх кошт прывабным для многіх палякаў, піша r**yja.com.

Пакуль жа для большасці палякаў Беларусь усё яшчэ застаецца terra incognita, перакананая арганізатарка па справах турыстыкі Марта Талуць:

— На Беларусі ёсць шмат прыгожых, цудоўных мясцін — Нясвіж, Мір, сам Менск, мясціны, звязаныя з Адамам Міцкевічам. Танней паехаць на Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну. Калі далей вандраваць па Беларусі, то мы мусім мець візы. Трэба мець запрашэнне, усё гэта патрабуе шмат часу і грошай. Але дзякуючы бязвізу, можна арганізоўваць невялікія вандроўкі на 3−4 дні і шмат пабачыць.

Колькасць ахвотных наведаць Беларусь такая вялікая, што турыстычна-краязнаўчае таварыства нярэдка мусіць планаваць дадатковыя паездкі, кажа экскурсавод Малгажата Лупіньска:

— Ёсць вялікая зацікаўленасць Беларуссю. Гэта тлумачыцца ўсталяваннем бізвізавага руху. Было б файна, каб гэты бязвіз дзейнічаў крыху далей. Але ўсё адно мы маем шмат жадаючых.

У цяперашні час самымі папулярнымі для беластачан беларускімі экскурсійнымі гарадамі застаюцца Гародня і Берасце. Заўтра (7.09) турыстычная група з 50 чалавек наведае Берасце, каб на ўласныя вочы ўбачыць свята з нагоды 1000-годдзя горада.