Абноўленай вуліцай Маладзёжнай задаволеныя аўтааматары і вадзіцелі грамадскага транспарту. А што палепшана па вуліцы для пешаходаў і веласіпедыстаў? Разбіраўся velogrodno.by.
Яшчэ ў пачатку 2019 года Гродзенскім выканаўчым камітэтам быў падпісаны план па зніжэнні бардзюрнага каменя, сярод якіх і вул. Маладзёжная. Адказнымі да выканання былі прызначаныя гродзенскае гарадское ЖКГ і Рамбудаўтадар.
Па вул. Маладзёжная мы назіраем цяпер выдатна паніжаныя бардзюры ў адным месцы (выезд з паркоўкі гасцініцы з боку піцэрыі).

Але з іншымі ёсць пытанні. Напрыклад, другі выезд з паркоўкі гасцініцы “Славія” веласіпедысту, інваліду ў калысцы, аднаму з бацькоў з дзіцем перасекчы па прамой, абыходзячы перашкоды, не атрымаецца, нягледзячы на тое, што і тут бардзюры панізілі.
Вышыня бардзюраў ў прамым напрамку на гэтым участку розная. Без паніжэння высокай часткі бардзюраў выезд прыйдзецца перасякаць па дыяганалі.

Але тут узнікае новая складанасць – прыпаркаваныя аўтамабілі. На абодвух выездах з паркоўкі гасцініцы бязладна паркуюць асабісты транспарт. На фатаграфіі ніжэй ўсе тры аўтамабіля не ў руху, а прыпаркаваны.

На супрацьлеглым баку вуліцы вышыня бардзюрных камянёў на шляху пешаходаў не змянілася. Хоць заезды для аўтамабіляў зроблены “у нуль”.


Сярод стратэгічных мэтаў па развіццю веларуху г.Гродна ў 2017 годзе зацверджаны пункт “забеспячэнне поўнага безбар’ернага асяроддзя”. Але як можна дасягнуць гэтай мэты, калі нават пры рамонце вуліцы даўжынёй 120 метраў бардзюрам надаецца ўвага выбарачна. Адзін з магчымых адказаў: “тратуар па вул.Маладзёжная з боку дома №4 знаходзіцца па-за межамі работ, вызначаных праектам”. Але чаму яго не ўключылі ў праект, калі там устаноўленыя бардзюры не адпавядаюць сучасным нормам?
“ВелоГродно” у КУП «Рамбудаўтадар» 6 жніўня накіравала ліст з просьбай паменшыць вышыню бартавога каменя (бардзюра) па ўсёй вуліцы Маладзёжная (у адпаведнасці з патрабаваннямі п.5.4.8 ТКП 45-3.03-227-2010 “Вуліцы населеных пунктаў” ) для забеспячэння выгоды руху пешаходаў, веласіпедыстаў і маламабільных груп. Адказа не было.
Рамонт вуліцы скончаны. Бардзюры застаюцца на доўгія гады.


