У Іспаніі ў мадрыдскім універсітэце ўпершыню прайшла абарона доктарскай дысертацыі па беларускай літаратуры, піша t*t.by. Як паведаміла пасольства Беларусі ў Іспаніі на сваёй старонцы ў Facebook, працу «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера» абараняла грамадзянка Іспаніі Анхела Эспіноза Руіс.
Анхела Эспіноза Руіс пачала вывучаць беларускую мову ў 2013 годзе. У 2015-м выйшаў зборнік яе вершаў на беларускай мове. У 2017 годзе пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі і Пасольства Беларусі ў Іспаніі быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе Эспінозы Руіс.
«Беларуская мова вельмі меладычная, — кажа Эспіноза Руіс. — Я ведаю недзе 9−10 моў. Ёсць мовы, на якіх я магу лёгка пісаць вершы, а ёсць такія, на якіх не. А на беларускай выходзіць вельмі натуральна».

Падчас абароны дысертацыі прадстаўнік Пасольства Беларусі ў Іспаніі ўручыў Руіс падзяку ад Міністэрства культуры Беларусі за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-іспанскага культурнага супрацоўніцтва.