Два работнікі Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм днём 2 верасня былі шпіталізаваныя з прыкметамі атручвання каналізацыйнымі газамі. Увечары гэтага ж дня адзін з працаўнікоў, 62-гадовы мужчына, памёр у рэанімацыйным аддзяленні. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.

Следчыя выявілі, што галоўны інжынер прадпрыемства накіраваў работнікаў у каналізацыйны калодзеж, размешчаны на тэрыторыі былога аэрадрома. Пры гэтым перад пачаткам працаў якіх-небудзь вымярэнняў прыборамі на наяўнасць атрутных рэчываў у калодзежы не здзяйснялася, нарад-допуск ня выпісваўся, паведамляе telegram-канал Следчага камітэта.

У Шчучыне памёр адзін з працоўных, якія надыхаліся каналізацыйнымі газамі

Знаходзячыся ў калодзежы, абодва працоўныя адчулі недамаганне, адзін з іх страціў прытомнасць. Самастойна выбрацца яны не маглі. Крыкі другога пачуў працоўны, які праходзіў міма, ён і выклікаў ратаўнікоў. Прыбыўшы на месца, тыя дасталі пацярпелых з калодзежа.

У дачыненні да галоўнага інжынера ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 428 Крымінальнага кодэкса («Службовая халатнасць»). Расследаванне працягваецца.