“БПС-Сбербанк” запусціў сетку банкаматаў з функцыяй абмену валюты. Прылады дазваляюць як набываць, так і здаваць замежную валюту. Такія тэрміналы плануюць усталяваць у абласных і некаторых раённых цэнтрах.
Тэрміналы мяняюць валюту паводле афіцыйнага курсу банка. Для гэтага трэба выбраць аперацыю і валюту, пасля – унесці гатоўку. На экране адлюструецца сума ў двух валютах і памер безнаяўнай рэшты ў беларускіх рублях. Апошнюю можна, напрыклад, перавесці на картку, папоўніць баланс мабільнага тэлефона або перавесці на дабрачынны рахунак. Пасля гэтага прылада выдасць грошы ў патрэбнай валюце. Пры здзяйсненні аперацый банк просіць улічваць мінімальны намінал банкнот.
«Новыя прылады дазваляюць здзяйсняць валютна-абменныя аперацыі ў любы момант, калі ў гэтым узнікне неабходнасць, без прывязкі да графіку працы аддзяленняў банка, – адзначыла выканаўчая дырэктарка “БПС-Сбербанк” Алена Дземідзенка. – У будучыні мы плануем усталяваць такія тэрміналы ў абласных і некаторых раённых цэнтрах».
Шматфункцыянальныя прылады ёсць у цэнтры Мінска (аддзяленне на Машэрава, 80), ля станцый метро “Усход” (на П. Мсціслаўца, 13) і “Малінаўка” (офіс на Дзяржынскага, 119). Інавацыйны банкамат таксама ўсталявалі ў нацыянальным аэрапорце, яшчэ адзін – у Кобрыне, у лічбавым офісе “БПС-Сбербанк” ў ГЦ «Палессе».


