У апошні вечар лета ва ўнутраным дворыку былой пальчаткавай фабрыкі грала музыка, працаваў фудтрак, а мясцовыя кавярні арганізавалі месцы для адпачынку. Развітанне з летам арганізавалі дзяўчаты з фотастудыі «Фабрыка».
Завяршальная вечарына лета
Ідэя зрабіць нешта падобнае з’явілася цалкам спантанна. «Проста хацелі зрабіць завяршальную вечарыну лета, каб ужо ў наступным годзе гэта стала традыцыяй», — кажа адна з арганізатарак Каця.
Усе ўдзельнікі сёлетняй вечарыны гэта сябры і знаёмыя дзяўчат з «Фабрыкі», таму арганізаваць усё было нескладана. Арганізатаркі таксама аформілі інсталяцыі. На падрыхтоўку дакументаў пайшло шэсць дзён.
Уваход на вечарыну быў вольным, але кожны меў магчымасць ахвяраваць любыя грошы на развіццё.
Будзе больш летніх пляцовак
Памяшканні пальчаткавай фабрыкі па вул. Маставой 31 за апошнія гады з прамысловых пераўтварыліся ў забаўляльныя. Лакацыя стала адной з самых папулярных у горадзе, тут працуе адразу некалькі кавярняў і бараў. Новыя ўстановы працягнуць там з’яўляцца, а наступным летам у дворыку з’явяцца летнія пляцоўкі.