Гродзенцы прапануюць стварыць магчымасць для свабоднага наведвання часткі былога парка Панятоўскага, якая захавалася. Ён знаходзіцца паміж вуліцамі Рэпіна і Індустрыяльнай і прыходзіць у запусценне.
— Мы лічым, што адкрыццё доступу да парку станоўчым чынам адаб’ецца на правядзенні вольнага часу жыхарамі не толькі бліжэйшых раёнаў, але і ўсімі гараджанамі. Акрамя таго, дадзены парк мае гістарычнае значэнне і яго адкрыццё зможа стаць яшчэ адной турыстычнай жамчужынай Гродна, — кажуць стваральнікі петыцыі.
Яны спасылаюцца на арт. 41 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», з якога вынікае, што выканкамы забяспечваюць распаўсюджванне культурных каштоўнасцяў, ажыццяўляюць стымуляванне культурнай дзейнасці грамадзян, праводзяць мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны; арганізуюць работу па добраўпарадкаванні, забеспячэнню належнага санітарнага стану, азеляненні тэрыторый населеных пунктаў; прымаюць меры па забеспячэнні аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Петыцыю стварылі 27 жніўня. Пакуль пад ёй 37 подпісаў. Зварот накіруюць у Гродзенскі гарвыканкам праз 15 дзён.
Парк з’явіўся ў 1770-м годзе як частка рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цяпер ад яе засталіся толькі невялікія сляды. Тут жа жыхары спрабуюць адстаяць сажалку, якая цяпер засыхае.