Амаль дзесяць дзён міліцыя шукала дваіх гродзенскіх падлеткаў. Жэня і Дзіна зніклі яшчэ 19 жніўня. Высветлілася, што ўвесь гэты час яны хаваліся ў лесе, піша n*.by.
Жэню 17 гадоў, ён навучэнец мясцовага ПТВ. Дзіне 15, яна яшчэ нядаўна вучылася ў школе, а сёлета таксама паступіла ў ПТВ.
У Жэні і Дзіны — каханне. Яны сустракаюцца амаль год.
«Мы знаёмыя з бацькамі адно аднаго, усё было нармальна», — распавёў «Нашай Н**е» Жэня.
Хлопец прапанаваў, каб 15-гадовая сяброўка пажыла ў яго кватэры пару дзён. Парачка прыйшла да бацькоў Дзіны па дазвол. Бацька Дзіны паабяцаў, што калі дачка паступіць у вучэльню на архітэктара, то ён будзе не супраць. Мама Жэні нібыта таксама не мела нічога супраць такой ідэі.
Дзяўчына паступіла, але яе бацька памяняў меркаванне і забараніў дачцэ ехаць да каханага. Але Дзіна ўсё роўна паехала да Жэні.
«Прайшло два дні, пазваніў яе бацька і сказаў Дзіне: «Ці ты зараз дамоў прыедзеш, ці я да вас прыеду. І калі цябе там не будзе, то я іду ў міліцыю, — узгадвае хлопец. — Тады мы вырашылі збегчы».
Жэня з Дзінай не прыдумалі нічога лепшага, чым ісці ў лясы.
«У лесе зрабілі сабе будан. Не галадалі, не замярзалі, — расказаў Жэня «Нашай Н**е». — Узялі з сабою ежу, вопратку. Увогуле, спачатку мы планавалі хавацца ў лясах, пакуль Дзіне не споўніцца 18 гадоў… Часу падумаць нармальна і ўсё прадумаць не было. Пра тое, што б мы рабілі тры гады, я яшчэ не думаў.
Але праз пару дзён, калі з’явіўся час падумаць пра ўсё гэта, я задумаўся: а кім я буду па жыцці? Без адукацыі, без усяго… І вырашылі здацца».
Па словах Жэні, яны з Дзінай вярнуліся дадому. Там хутка да іх прыйшла міліцыя.
«Цяпер, напэўна, нам будуць забараняць бачыцца. Магчыма, што Дзіну нават пакладуць на месяц у псіхушку, праверыць, што няма схільнасці да бадзяжніцтва. Мяне паставяць на ўлік, напэўна… Калі шчыра, то і не ведаю, што са мною будзе, — кажа Жэня. —
Мая мама хвалявалася, была настолькі ў шоку, што нават заяву не напісала. Не ведала што рабіць, як будзе правільна…
Ці шкадую я пра наш учынак? Не магу сказаць. Я не шкадую, што мы разам правялі час, але наступствы…»
Хлопец прызнаецца: у іх з Дзінай усё сур’ёзна. Але чым усё скончыцца, ён і сам не ведае.
«Але яна не цяжарная. Я да яе і не дакранаўся!» — запэўнівае Жэня.