Салдата Астравецкага гарнізону на 10 сутак пасадзілі на гаўптвахту за карыстаньне мабільным тэлефонам. Спагнанне вынес выканаўца абавязкаў камандзіра часткі падпалкоўнік Алег Бацькоў. Факт пакарання пацвердзіў прэс-сакратар міністэрства абароны Уладзімер Макараў, піша s**boda.org.

«Вайсковец тэрміновай службы пакараны камандзірам часткі за выкарыстанне на тэрыторыі часткі мабільнага сродку сувязі нявысветленага ўзору», — працытаваў арыштны ліст палкоўнік Макараў.

Паводле дакументу, вайсковец парушыў загад, які рэгляментуе ўжыванне тэхнічных сродкаў сувязі. Прозвішча пакаранага гаўптвахтай салдата Уладзімер Макараў не назваў.

«Іншыя прычыны пакарання вайскоўца ёсць чуткамі і домысламі», — пракаментаваў палкоўнік альтэрнатыўныя версіі падзеі.

Між тым, паводле блогера Эдуарда Пальчыса, гісторыя з пакараннем салдата выглядае інакш.

«У нашай супольнасці ў Telegram ёсць канал @wordandtruth, які калектыўна вядзецца хлопцамі, што праходзяць тэрміновую службу. Адзін з аўтараў каналу служыць у самай новай вайсковай частцы пад нумарам 97 106, якую нядаўна стварылі ў Астраўцы. Дык вось, памочніку міністра абароны па ідэалагічнай працы (далей названа прозвішча. — РС) не спадабаўся змест каналу. Пачалі шукаць аўтараў і нейкім чынам вылічылі салдата-адміна», — паведаміў блогер.

Далей, паводле інтэрнэт-версіі, быў загад камандзіру часткі «жэстачайшэ разабрацца» з салдатам, і ў выніку таго адправілі на «губу». Фармальна за карыстанне мабільнікам нявысветленага ўзору, насамрэч — за тое, што змест каналу @wordandtruth не прайшоў ідэалагічнай праверкі ў вайсковага начальства, сцвярджае крыніца.