Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт адказаў на зварот гродзенскіх правабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і журналіста Уладзіміра Хільмановіча, піша harodniaspring.org. Зварот датычыў таго, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы на галоўных дзяржаўных сайтах вобласці.

Правабаронцы пісалі, што нават зараз, у час выбарчай кампаніі, калі заканадаўства абавязвае праз гэтыя сайты належна інфармаваць насельніцтва пра хаду кампаніі, на беларускамоўных версіях дадзеных сайтаў беларуская мова ігнаруецца. Змест у нібыта беларускамоўнай версіі сайтаў падаецца толькі па-руску.

Адказ дадзены за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму Валерыя Клімовіча. Ён дзякуе за неабыякавасць да дзяржаўных сайтаў і сцвярджае, што ўсё напаўненне афіцыйнага сайту аблвыканкаму адбываецца ў адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі. У тым ліку і раздзел, які датычыць выбараў.

Пэўныя станоўчыя зрухі па напаўненні беларускамоўнай версіі сайту аблвыканкаму адбыліся. Банер «Выбары-2019» і загалоўкі рубрыкі ўжо па-беларуску. Правабаронцы спадзяюцца, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і версіі сайту Гродзенскага аблвыканкаму на розных дзяржаўных мовах стануць урэшце аналагічнымі.

Адказу з Гродзенскага гарвыканкаму, куды праваабаронцы звярталіся з аналагічным зваротам, пакуль няма.

Гродзенскі аблвыканкам адказаў на зварот аб дыскрымінацыі беларускай мовы на афіцыйных сайтах