У гарвыканкаме абмеркавалі, якім будзе 891-ы дзень нараджэння абласнога цэнтра. Сёлета Гродна сваё 891-годдзе мае адсвяткаваць гучна і музычна: слоганам падзеі выбраны «Гродна гучыць!». 13 верасня пройдуць урачыстыя і афіцыйныя мерапрыемствы, а 14 верасня свята выйдзе на плошчы і вуліцы горада, піша grodnonews.by.
— Наша задача зрабіць так, каб Гродна загучаў у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова, — расказала падчас прэзентацыі сваёй канцэпцыі галоўны рэжысёрка Агата Мацко. — Асаблівасць мерапрыемства ў тым, што памяняецца, так бы мовіць, святочная карта горада. Дзейства разгорнецца на тэрыторыі ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна і па вуліцы Горкага да ЦСК «Нёман». Галоўнымі арэнамі ў гэтым годзе стануць плошча Леніна і стадыён «Нёман». Аднак дадаецца яшчэ адна не менш значная — мікрараён Альшанка.
У пятніцу, 13 верасня, дэлегацыі замежных краін, дыпламаты возьмуць удзел у юбілейнай выставе-кірмашы «Еўрарэгіён «Нёман-2019 «і ў святкаванні Дня горада. У гэты дзень будуць абвешчаныя імёны тых, хто занесены ў Кнігу Славы Гродна, пройдзе ўзнагароджанне заслужаных людзей горада.
А 14 верасня ў цэнтры Гродна загучаць мелодыі розных напрамкаў. Гэта будзе фальклорны блок, эстрадны, сімфанічны. Па вуліцах горада пройдзе парад духавых аркестраў, якія потым збяруцца на спецыяльна адведзенай пляцоўцы для вялікага канцэрту.

На плошчы Леніна загучыць рэтра-музыка, у парку Жылібера — музыка дзяцінства. Таксама пройдзе ColorFest, дзе выступяць артысты, якія працуюць у камандзе Цімы Беларускіх. На святкаванне Дня горада запрошаныя таксама Саша Нема, Вікторыя Алешка, Аляксей Хлыстоў.
А ў спорткомплексе «Нёман» 14 верасня разгорнецца традыцыйны фестываль сыру, а затым адбудзецца вялікі канцэрт хэдлайнера свята Макса Барскіх.
Дастаткова будзе гандлёвых шэрагаў, у тым ліку і ў скверы каля вуліцы Лермантава. На плошчы Леніна зноў разгорнецца рэстаран пад адкрытым небам.
Дарэчы, у гэтым годзе чакаецца яшчэ адна навінка — проста на праезнай частцы па вуліцы Горкага — яе старой частцы — з’явяцца тэматычныя малюнкі да дня нараджэння Гродна. На час правядзення мерапрыемстваў тут будзе закрыты рух транспарту.
У мікрараёне Альшанка, дзе 2 верасня адбудзецца адкрыццё новай сярэдняй школы на 44 класы, у Дзень горада ўрачыста адкрыюць футбольнае поле. Тут пройдзе футбольны матч, у якім каманда мэра Гродна згуляе з ветэранамі футбола.
Таксама на Дзень горада адкрыюць новы тралейбусны маршрут Альшанка — ААТ «Гродна Азот», на якім будзе курсіраваць бескантактавы тралейбус № 21 з аўтаномным запасам ходу. Напярэдадні свята горад атрымае пяць бескантактавых тралейбусаў, выпушчаных на МАЗе. Яны злучаць новы мікрараён з горадам.
У іншых мікрараёнах таксама намечаны пляцоўкі і складаюцца праграмы свята.
Вёў пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання Дня горада Мечыслаў Гой.