У Гродне асудзілі траіх навучэнцаў Гродзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву — за злоснае хуліганства, аднаго з іх — яшчэ і за рабаванне. Пацярпелыя — спартсмены 14−16 гадоў.
Усім абвінавачваным інкрымінавалі злоснае хуліганства па ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, аднаму з іх паставілі ў віну асабліва злоснае хуліганства па ч.3 арт.339 і рабаванне па ч.1 ст. 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дваім абвінавачаным суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна прызначыў пакаранне ў выглядзе 2 гадоў 6 месяцаў і 2 гадоў 3 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Трэцяму — у выглядзе 3 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе пракуратура.
Па амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі з кожнага абвінавачанага знята па 1 годзе пакарання. Абвінавачаным па 19−20 гадоў, іх шматлікія ахвяры — дзеці ад 14 да 16.
Дзедаўшчыну ў Гродзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву выявіла пракуратура пры праверцы ў канцы 2018 года. Некаторыя навучэнцы неўзабаве пасля паступлення забіралі дакументы. Юныя спартсмены растлумачылі гэта гвалтам з боку вучняў старэйшых курсаў.
З верасня 2017 г. па кастрычнік 2018 года абвінавачваныя збівалі малодшых вучняў кулакамі ў грудзі і спартыўным абуткам па ягадзіцах, білі нават у баксёрскіх пальчатках — за беспарадак ў пакоі, непаспяховасць, спазненні на трэніроўкі.
Усё адбывалася ў інтэрнаце на вуліцы Паповіча. «Праверка паспяховасці» праходзіла позна вечарам — з 22.30 да 23 гадзін. У справе — больш за 10 эпізодаў. Акрамя гэтага, адзін з абвінавачаных, Варановіч, у траўні 2018 года доўгі час наносіў аднаму з пацярпелых парэзы нажом, піша t*t.by. Многія бацькі даведаліся аб тым, што адбывалася, толькі ў зале суда.
У лістападзе 2018 года Следчы камітэт пачаў крымінальную справу аб хуліганстве па ч.1 арт.339 КК Рэспублікі Беларусь.
Дырэктара вучэльні і яго намесніка звольнілі, а службовым асобам упраўлення спорту і турызму аблвыканкама абвясцілі дысцыплінарныя спагнанні.
Прысуд суда ў законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.