Гродзенца Дзяніса Лук’янава, у якога здарыўся канфлікт з амапаўцамі на аўтамабільным фэстывалі SunDay, дапыталі следчыя амаль адразу пасля чарговай апэрацыі, піша s**boda.org.
«Абляпілі яго. Усе ў цывільным, высокія, здаровыя»
У пятніцу, 23 жніўня, Дзянісу зрабілі чарговую апэрацыю на назе.
«Яго чысьцяць, перавязваюць. Падчас чысткі зразаюць частку цягліцаў, бо яны заражаныя. Чысьцяць адмерлую плоць на назе… У яго ўся нага парэзаная. Ужо паўягадзіцы няма», — кажа стрыечная сястра.
Увечары яго наведалі родная сястра і жонка, каб пакарміць, зрабіць гігіенічныя працэдуры. Мужчына яшчэ не адышоў ад наркозу і нават не адразу пазнаў сваякоў.
«Пытаўся: „А які сёньня дзень? А што, я зноў на апэрацыі? Мяне зноў чысьцілі?“. Быў у трызьненьні», — кажа Дар’я.
Аднак у палату да Лук’янава прыйшлі шэсьць мужчын у цывільным, не прадставіліся і папрасілі сваякоў выйсьці. Як яны потым зразумелі, гэта сьледчыя прыйшлі на допыт.
«Яны [сваякі — РС] мне звоняць у паніцы. „Тут міліцыі панаехала. Абляпілі яго. Усе ў цывільным, высокія, здаровыя. Ніхто ксіву не паказаў. Без пагонаў. З тэчкамі, з торбамі. Усіх выгналі“. У яго быў шок», — пераказвае словы сваякоў Дар’я.
«Ён ня можа даваць ніякіх уцямных паказаньняў»
Допыт доўжыўся чатыры гадзіны і датычыўся скаргі Дзяніса ў Сьледчы камітэт і пракуратуру наконт ягонага зьбіцьця апамаўцамі. У палаце акрамя яго і сьледчых нікога не было, нават лекараў ці мэдсёстраў. Асобна дапыталі таксама Дар’ю і жонку Дзяніса Юлію.
Сваякі сумняюцца, што Дзяніс знаходзіўся ў адэкватным стане, бо яшчэ не адышоў ад наркозу.
«Я хачу даведацца, ці даў загадчык аддзяленьня дазвол на допыт. Чаму ў нас, у сваякоў, не запыталіся дазволу? Ці можа ён у такім стане даваць паказаньні?.. Чалавек у рэанімацыі. Два тыдні ў шпіталі. Жахлівыя болі… Ён ня можа даваць ніякіх уцямных паказаньняў», — разважае Дар’я, юрыст па прафэсіі.
Убачыцца зь Дзянісам пасьля допыту сваякі так і ня здолелі. Пазваніць яму непасрэдна ў рэанімацыю таксама нельга, бо ў пацыэнтаў забіраюць тэлефоны.
«Мэдсёстры казалі: „Мы закрываем шпіталь. Выходзьце“. Не. Ім было ўсё роўна. Чалавек ня еў суткі да апэрацыі. Ён хоча есьці. Ён хоча піць», — распавядае Дар’я.
Як пазьней патлумачыў Дар'і загадчык аддзяленьня рэанімацыі, сьледчыя могуць дапытваць пацыента, калі ён знаходзіцца ў прытомнасьці.
Дар’я дадае, што яна розгаласам хоча выратаваць жыцьцё брату і пакараць вінаватых. Запэўнівае, што палітыкі ў ейных дзеяньнях няма.
«Мой бацька вядомы ў горадзе апазыцыянэр [Мікалай Салянік, былы сябар АГП — РС]. У мяне лекары пытаюцца: „Якія інтарэсы вы перасьледуеце?“ Я ім паўтараю, што хачу справядлівасьці. Палітыкі тут няма. Я не супрацоўнічаю з партыяй майго бацькі», — кажа Дар’я.
Як піша Эўрарадыё, у прэс-службе горадзенскай міліцыі адказалі, што пра сытуацыю ня ведаюць, і паабяцалі даць камэнтар у панядзелак.