З сярэдзіны жніўня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб продажы кафэ-бара «Lemon» на Віленскай, 1. Месца пасля рэбрэндынгу толькі адкрылася ў ліпені, а ўжо прадаецца.
У бары распавялі Hrodna.life, што бізнес прадаецца па сямейных прычынах — уладальнікі пераязджаюць у іншую краіну.
Раней на месцы бара «Lemon» было дзіцячае кафэ «Какоша», да гэтага быў фастфуд «Калабкі». Самай папулярнай установай у гэтым месцы быў бар «Віленскі». Ён вядомы з пачатку 1990-х і быў доўгі час ледзь не адзіным месцам у Гродна, падобным да бара або паба ў еўрапейскім разуменні гэтага слова.
У сярэдзіне 2000-х папулярнасць бару прыносілі не толькі вельмі вялікая летняя пляцоўка, але і рэгулярныя канцэрты жывой музыкі на свежым паветры. Гэта цяпер перад будынкам па вул. Віленскай, 1 — аўтастаянка, а тады парковачных месцаў было ў два разы менш і вольнае месца займалі столікі «Віленскага».