Гродзенскія праваабаронцы у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» звярнуліся ў абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты. Яны заклапочаныя тым, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы на галоўных дзяржаўных сайтах вобласці, паведамляе harodniaspring.org.
Паводле назіральнікаў Віктара Сазонава і Рамана Юргеля, а таксама журналіста Уладзіміра Хільмановіча нават зараз, у час выбарчай кампаніі, калі заканадаўства абавязвае праз гэтыя сайты належна інфармаваць насельніцтва пра хаду кампаніі, на беларускамоўных версіях дадзеных сайтаў беларуская мова ігнаруецца. Змест у нібыта беларускамоўнай версіі сайтаў падаецца толькі па-руску.
У тэксце звароту ў аблвыканкам гаворыцца, што сайт Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ёсць галоўным дзяржаўным сайтам Гродзенскай вобласці і важным элементам камунікацыі і інфармавання грамадзян пра дзяржаўную палітыку і жыццё рэгіёна. Ён паўнацэнна функцыянуе і інфармуе грамадзян толькі на рускай мове, а мова тытульнай нацыі і дзяржаўная мова не мусіць быць дыскрымінаваная. Усё гэта датычыць і інфармацыі пра выбары ў Рэспубліцы Беларусь, інфармацыя пра якія падаецца толькі па-руску.
Аўтары звароту заклікаюць стварыць і мець на афіцыйным сайце паўнавартасную беларускамоўную версію.
Аналагічны зварот пададзены і ў Гарадзенскі гарвыканкам.