У сацсетках Гродна трапіў фотаздымак, на якім мужчына гандляваў акулярамі, агаліўшы ніжнюю частку цела. Пасля гэтага яго знайшла міліцыя.

У Гродне прадавец акуляраў гандляваў без штаноў

Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Гродна высветлілі асобу грамадзяніна. Мужчына 1970 года нараджэння ужо раней трапляў у поле зроку праваахоўнікаў, паведамілі ў УУС. У некаторых выпадках ён быў падазраваным у злачынстве, а аднойчы і сам звяртаўся па дапамогу, бо ў яго скралі тыя самыя акуляры, якімі ён гандляваў.

У дзень інцыдэнту грамадзянін знаходзіўся на Скідзельскім рынку нецвярозым. Ён сам не можа патлумачыць, што падштурхнула яго на такія дзеянні, але факт застаецца фактам — ён гандляваў, дэманструючы палавыя органы мінакам, сярод якіх, як высветлілі праваахоўнікі, было пяць дзяўчат.

Па дадзеным факце следчы камітэт даў адпаведную прававую ацэнку дзеянням грамадзяніна. Крымінальная справа ўзбуджаная па частцы першай артыкула 339 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Хуліганства».