Браты ўжо заключылі кантракты з гродзенскай камандай і былі ўключаны ў заяўку на «фінал чатырох» Кубка Салея. 17 жніўня хакеісты зноў згуляюць за «Нёман».
Яшчэ ў маі Маляўкі падпісалі кантракты з мінскім «Дынама», аднак пасля Кубка губернатара Ніжагародскай вобласці пагадненні былі скасаваныя.
Адзін з братоў Маляўка 14 жніўня патлумачыў hockey.by, чаму разышліся іх шляхі з мінскім «Дынама», і распавёў, дзе блізняты плануюць працягнуць кар’еру.
— Што здарылася? Сказалі, будуць падымаць моладзь — вось і ўсё. У іх такі праект. У нас была дамоўленасць, што калі не падыдзем, адправімся ў Гродна. Вядома, можна было б гуляць за фарм-клуб «Дынама» — ці то «Шахцёр», ці то «Дынама-Маладзечна», — але мы з братам толькі за «Нёман».
Вы ўжо дакладна пераходзіце ў «Нёман»? Вас прынялі назад?
— Яшчэ не прынялі - вядзем перамовы. Трэба разумець, што ў экстралізе мы падпадаем пад ліміт «сямі чалавек» (каманды могуць заявіць не больш за сем хакеістаў старэй 28 гадоў - заўв.). У «Нёмане» якраз столькі. На працягу двух дзён нам кіраўніцтва дасць ведаць, возьмуць нас ці не. Яны таксама падпісалі рабят. Параяцца з трэнерскім штабам.
Даведка
Амаль усю кар’еру браты правялі ў родным Гродне, толькі ў 2010−12 гадах адлучаліся ў арэнду ў «Ліду» і «Мінскія зубры» (МХЛ). З «Нёманам» Аляксандр і Сяргей чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, яшчэ тройчы бралі сярэбраныя медалі. Таксама на рахунку братоў перамога ў Кантынентальным кубку-2015 і ўдзел у Лізе чэмпіёнаў.
Браты Маляўка ў складзе «Нёмана» выступалі з сезона 2009/2010. За максімальную аддачу і добрую гульню за гродзенскі клуб, яны сталі сапраўднымі любімчыкамі мясцовых заўзятараў.