Дудар з Остэнберга Карым Маклаўд прыехаў у Гродна 15 жніўня, каб зайграць разам гродзенскімі музыкамі. Па паходжанню ён напалову іранец, напалову шатландзец і кажа, што мае “міжнародныя ДНК”. У Беларусь Карым прыязджае ўжо ў 14-ы раз. Сёлета вырашыў адсвяткаваць у нашай краіне свой юбілей – 19 жніўня дудару спаўняецца 60 гадоў.
Сям’я Карыма жыве ў Германіі ад 1979 года. Тут ён прайшоў навучанне і зараз працуе садоўнікам. Музыка – гэта хобі, каторае стала сэнсам жыцця.
Карым жартуе, што грае на дудзе, каб не чуць, калі на яго сварыцца жонка:
-А? Што? Не чую, на дудзе граю”
-А? Вячэраць пара? То чую, ужо іду!

Карым прывёз з сабой тры дуды: беларускую, шатландскую і фламандскую.
“Хаця я і шатландзец, найпрыгажэй за ўсіх для мяне гучыць беларуская дуда”. Іграць, па яго словах, часцей даводзіцца на шатландскай валынцы. Яго часта запрашаюць на вяселлі, юбілеі ды іншыя святы. “Усё, што я зарабляю музыкай – гэта мой білет у Беларусь”, – распавядае Карым. “ У Германіі, калі граю на дудзе, часта пытаюць, ці гэта валынка. Кажу – не. Гэта беларуская дуда. Яна за валынку гадоў на сто старэйшая”.
https://youtu.be/RNt76Jzle1Q
Яго першае спатканне з беларурускай культурай адбылося ў Остенбергу ў Паўночнай Германіі, дзе Карым жыве. Туды на гастролі прыехалі музыкі з Ліды. Сярод іх была Таццяна Безушка. Карым расказвае, што гэта ад яе пачаў вучыцца беларускім песням і мове.
“Раней ведаў якіх 10 словаў па-руску, а на беларускай мове нічога не разумеў. Але мы любілі музыку і яна стала нашай агульнай мовай. Мы збіраліся па вечарах – яна спявала, а я граў на гітары”.
Праз паўгады музыкі з Ліды ізноў завіталі ў Германію. “Гэта было як лёс. Я ехаў на грузавіку і пабачыў, як яны пераходзяць дарогу. Запрасіў іх у госці на каву і пайграць-паспяваць. Потым разам ігралі яшчэ на вуліцах і яны запрасілі мяне у Беларусь”.

“Што я пра Беларусь ведаў – толькі “Чарнобыльская катастрофа”, больш нічога. Думаў тады, што там рабіць? Але вырашыў рызыкнуць”.
Так у кастрычніку 2002 Карым упершыню патрапіў у нашу краіну. “Гэта было так прыгожа! Тыдзень праляцеў імгненна. У апошні дзень думаў сабе – што ж я, дурань, толькі на тыдзень прыехаў”. Кожны наступны год ён прыязджаў у Беларусь ужо на 10 дзён.
“На пачатку сябры-музыкі былі маімі нянькамі. Потым патроху вывучыў мову і зараз магу ўжо спраўляцца самастойна. Знайшоў тут шмат сяброў у Лідзе, Мінску, Гродна, пазнаёміўся з музыкамі з гурта “Стары Ольса”. Сёлета напісаў Паўлу [Салаўёву], што збіраюся прыехаць і ён адразу прапанаваў сыграць у Гродне”.
https://youtu.be/taJcauMDUWU
На свой юбілей Карым таксама будзе іграць – у Лідзе з мясцовымі музыкамі. “Будзем іграць, як тут – тварам да твару са слухачамі. Каб разам ствараць атмасферу свята”.
Карым кажа, што ў складзе войска Карла ХІІ, што разбурыла Лідскі замак, таксама былі шатландцы і адзначае: добра, што зараз часы змяніліся: “Яны прыходзілі з мячамі, а я прыйшоў з дудой”.


