У Гродне з 47 школ толькі ў дзвюх ёсць магчымасць навучацца па-беларуску. Сёлета ў першыя класы з беларускай мовай навучання падалі ўсяго 10 заяваў: 9 у Ленінскім раёне ў 32-ю школу і толькі 1 – у Кастрычніцкім, у СШ №34. Ці будзе адкрывацца клас для аднаго вучня, пакуль пытанне.
“Калі б была рэальная роўнасць моваў і палова школ была бы рускамоўных, палова беларускамоўных – школы былі бы ў крокавай дасягальнасці для навучэнцаў, – кажа старшыня абласной рады “Таварыства беларускай мовы” Віктар Парфёненка. – Бацькам зручней, каб школы былі блізка і дзеці хадзілі самі”.
Па словах намесніка старшыні абласной рады ТБМ Алеся Кроя, у 32-й школе (вул. Ліможа, 11) заўсёды фармуюцца беларускамоўныя класы ад 10 чалавек: “Пра яе багата хто ведае, гэта ўжо традыцыйна. Але дамагліся, каб і ў другім раёне была такая магчымасць”. Пасля 28 жніўня – гэта афіцыйны тэрмін сканчэння набору – стане вядома, ці паступілі дзеці ў гімназіі. Тым, хто не прайшоў, давядзецца вяртацца ў свае школы паводле прапіскі, часам перапоўненыя.
Але ўлічваючы тое, што толькі ў беларускамоўныя класы набор ідзе без прывязкі да месца жыхарства, бацькі маюць магчымасць абраць больш камфортную школу для свайго дзіцяці – не перагружаную, лепш абсталяваную. Звычайна беларускамоўныя класы ў СШ №34 (Індурская шаша, 14) не больш за 10 чалавек, і гэта ўжо гарантуе індывідуальны падыход да навучання.
Таварыства беларускай мовы заклікае бацькоў дапамагчы адзінаму ахвочаму вучыцца ў 34-й школе Кастрычніцкага раёна:
“Пасля 28 жніўня дзясяткі бацькоў, якія пісалі заявы, каб іх дзеці вучыліся ў гімназіі №1 (падавала блізу 100 чалавек з іншых раёнаў горада) вымушаны будуць вярнуцца ў сваю школу ў мікрараёне, бо няма магчымасці ўзяць усіх. Аналагічная сітуацыя будзе ў іншых вядомых гімназіях, дзе ахвотных вучыцца значна больш за колькасць месцаў у першых класах. Таму мы шчыра запрашаем найперш гэтых бацькоў далучыцца ў беларускамоўны першы клас СШ 34, якая непадалёку ад гімназіі №1. Там Вашым дзецям будзе прасцей вучыцца, цікавей. У школе 34 ёсць басейн і розныя гурткі, прыгожая школьная форма і маладыя таленавітыя педагогі з кіраўніцтва школы”.

Віталь Парманчук, дырэктар 34-й школы, куды паступіла адна заява, кажа, што школа мае добрую базу для навучання на беларускай мове.
“Будзем чакаць да 28-га, пасля вырашаць. У нас заўсёды ідуць насустрач з беларускамоўнымі класамі, але аднаму вучню вучыцца… Мы запускалі класы і з чатырма вучнямі, і з 5-7”.
Наборы ў беларускамоўныя класы ідуць блізу 10 год. Праўда, па словах дырэктара, некаторыя класы рассейваюцца пад канец навучання: людзі пераязджаюць і вучні сыходзяць у школы бліжэй да дома. “У польскамоўную школу людзі ездзяць з Альшанкі” – скардзіцца ён. Калі ў класе застаецца зусім мала вучняў, некаторыя ўрокі, напрыклад, фізкультуру, праводзяць разам з рускамоўным класам: дзеці не церпяць ад таго, што іх клас зменшыўся.

У школе ёсць беларускамоўныя класы да 9-га, добрая настаўніцкая база. “Мы працуем з ТБМ, ладзім супольныя мерапрыемствы. Раз на чвэрць у нас ладзяцца цікавыя імпрэзы па папулярызацыі беларускай мовы. Запрашаем паэтаў, у нас у школе працуюць два сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі”.
У аддзеле адукацыі гарвыканкама сітуацыю з наборам у першыя каласы навучання па-беларуску каментаваць адмовіліся.



