“Нёман” падпісаў серба, каб узмацніць лінію абароны

Прэс-служба гродзенскага клуба 14 жніўня паведаміла аб падпісанні кантракта з 29-гадовым сербскім цэнтральным абаронцам Даніэлем Стойкавічам. Пагадненне з футбалістам разлічана да канца сезона.

Апошні клубам за які выступаў футбаліст быў армянскі “Алашкерт”, у складзе якога ён выйграваў чэмпіянат Арменіі (2016/17, 2017/18), узяў нацыянальны кубак (2017/18) і перамог у Суперкубку (2018/19). Футбаліст таксама мае вопыт выступлення ў еўракубках.

Трансфер абаронцы адбыўся вельмі хутка і звязаны з праблемамі ў абароне “Нёмана”. Сёлета каманда ўжо двойчы прапускала па 6 галоў у адным матчы. Асаблівыя праблемы ў камандзе з цэнтрам абароны. Запрошаныя перад сезонам Пазняк і Барысаў надзей не спраўдзілі, Кантарыя траўмаваны, Вягера недасведчаны, Горбач нарабіў памылак у матчы з “Шахцёрам”, а расійскі гулец Мурачоў яшчэ толькі знаёміцца з беларускім футболам. Кантракт з сербам мае ўмацаваць лінію абароны гродзенскай каманды.

Пасля 17-ці тураў “Нёман” займае 8-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 21 ачко. Бліжэйшы матч гродзенская каманда правядзе 16 жніўня ў Гродне і будзе прымаць “Іслач”.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: