«Гэта больш за ўсё кранае: кажуць, быццам я не папрасіла прабачэння», — скрозь слёзы кажа дзяўчына. У Гродне да завяршэння набліжаецца справа аб смяротнай аварыі з удзелам скутэрыста. Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёну далі апошняе слова абвінавачванай. 20 жніўня ёй вынесуць прысуд.
Перад будынкам суда блізкія загінулага Пятра Язерскага і абвінавачванай Дар'і Тарасевіч сядзяць у розных кутах. Бок загінулага заходзіць у залу першым і абмяркоўваюць набалелае, звяртаючыся да журналістаў. «Ні разу не выбачылася, першы раз яе маці на судзе ўбачыла», — распавядае малодшая сястра Пятра Язерскага. «Яна ж здала тэорыю з 5-га разу, кіраванне з 4-га», — кажа бацька. Маці прыйшла з партрэтам загінулага сына.
На папярэдніх пасяджэннях скончылі судовыя спрэчкі. Сёння абвінавачванай Дар'і далі апошняе слова. Яна ўстае і яшчэ раз просіць прабачэння, не стрымліваючы слёзы.
— Я яшчэ раз прашу прабачэння… Я зрабіла ўсё, што магла… Я проста яшчэ раз прашу прабачэння.
Пракурор запрасіў для яе 3 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію-пасяленне. Блізкія спадзяюцца на апраўдальны прысуд. Яны кажуць, што абвінавачванне будуецца на здагадках, а Язерская мяняюць свае паказанні.
Прынцыповым для бакоў стала пытанне прабачэння. Дар’я сцвярджае, што ў справе напісана, што яна тэлефанавала, прапаноўвала сустрэцца, аказаць матэрыяльную дапамогу. «Хадзіла да бацькі, тэлефанавала жонцы, размаўляла з сястрой. Я тэлефанавала, я казала, я падыходзіла на следчых эксперыментах. Адразу пасля аварыі ў Следчым камітэце я прасіла даць нумары, адрасы, мы былі гатовыя… Я дзіцяці гатовая дапамагаць», — кажа Дар’я.
У блізкіх Дар'і ёсць пытанні да змены праз тры гады тэхнічных характарыстык, лічбаў датычна аварыі. «На экспертызах ставяць пытанні, якія ім выгадныя: ці мог ён спыніцца? Але не ставяць, ці магла спыніцца яна». Дар’я напісала на Язерскіх заяву аб тым, што яны зневажаюць яе гонар і годнасць за тое, што яны расказвалі пра яе нібы 40 000 долараў, якія яна зняла з рахунку адразу пасля аварыі.
Бацька Пятра распавядае пра відэа ў інтэрнэце, дзе відаць, што яго сын ехаў на зялёны і без перавышэння хуткасці. Зараз відэа выдалена і ён лічыць, што ў гэтым вінаватыя блізкія Дар'і. Яшчэ адно пытанне — ці пераехала Дар’я аўтамабілем Пятра. Эксперт, які рабіў ўскрыццё, сказаў, што фактаў, якія даказваюць пераезд, няма.
Маці Марыя Іванаўна расказвае, што ўсе тры гады яны не могуць жыць без заспакойлівых таблетак.
— Першы раз сёння ўбачылі слёзы. Кракадзілавыя. У першы раз яна сёння выціснула слязу. Да гэтага смяяліся яны, ўсміхаліся… У яе было, як ва ўсіх нармальных людзей — прыйсці, раскаяцца, папрасіць прабачэння. Але яна не зрабіла гэтага. Яна падумала, што ўсё можна купіць у гэтай дзяржаве… Яна будзе жыць усё роўна. Чакаць нябеснай кары. Яна не здзейсніла раскаянне, а гэта самае страшнае. Яна і на судзе казала, што я не вінаватая, я не пераязджала. Казала, што калі б у яго было пабольш вопыту… У сына 14 гадоў вопыту. У яго 16 гадоў стажу толькі на машыне за рулём, — кажуць бацькі. Пры гэтым у Пятра было 18 парушэнняў за язду.
— Яна работнікам ДАІ сказала, што спалохалася і замест тормазу націснула на газ, — успамінае бацька Пятра Пётр Міхайлавіч.
— Ды яна ездзіла як мужык за рулём! Пераблытала газ з тормазам?! — кажа сяброўка Дар'і.
Пётр Міхайлавіч кажа, што тры гады жыцця ён выдаткаваў на суды дзеля ўнука: каб ён не жыў з пачуццём таго, што яго бацька стаў вінаватым у аварыі. Яны згодныя з пакараннем, якое запытаў абвінаваўца.
Аварыя адбылася ў 2016 годзе. Як пісаў AutoGrodno.by, 22-гадовая дзяўчына за рулём Мэрсэдэса ехала з боку Паўднёвага рынку і паварочвала налева. Скутэрыст рухаўся з кальца Славінскага-Перамогі прама, калі яму не саступіў дарогу аўтамабіль. ДТЗ адбылося ў 10.37 на скрыжаванні Індурская шаша — Кабяка. 32-гадовы кіроўца скутэра быў у шлеме, аднак ад атрыманых траўмаў памёр на месцы аварыі.
Справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства, потым зноў аднаўлялі. Праз тры гады пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы Мерседэса. Ёй прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 317 КК РБ. Бацька загінулага ў свой час шукаў сведкаў, стоячы на месцы аварыі з плакатам. Сям’я загінулага казала пра тое, што віноўніцу аварыі «крышуюць», пра адсутнасць следчых эксперыментаў і недастатковым пошуку сведак. Дзяўчына да мая 2019 года не размаўляла з журналістамі, а потым расказала сваю версію падзей Hrodna.life.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…