Урад Беларусі чакае прыняцця указаў аб iпатэцы i будзберажэннях ўжо ў 2019 годзе. Пра гэта віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў заявіў у эфіры тэлеканала СТВ, паведамляе БЕЛТА.
Па словах віцэ-прэм'ера, неабходна ствараць умовы для таго, каб насельніцтва актыўна ўдзельнічала ў будаўніцтве жылля не толькі з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, але і з прыцягненнем уласных сродкаў. «У тым ліку такіх інструментаў, як іпатэка, будаўнічыя жыллёвыя зберажэнні. Зараз падрыхтавана два праекты ўказа. Яны ўзгодненыя. І мы думаем, што ў гэтым годзе яны будуць прынятыя і таксама дадуць штуршок будаўніцтву», — заявіў Уладзімір Кухараў.
«Акрамя таго, у нас ужо на працягу двух гадоў даступная невысокая працэнтная стаўка па крэдытах, якая таксама дазваляе насельніцтву актыўна пры дапамозе крэдытных рэсурсаў і за кошт уласных зберажэнняў удзельнічаць у будаўніцтве», — дадаў намеснік прэм’ер-міністра.
Раней 1 жніўня начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка паведаміў журналістам, што праекты ўказаў аб iпатэцы і будаўнічых зберажэннях знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. «Што тычыцца праекта ўказа па будаўнічых зберажэннях, то ён зараз на стадыі канчатковага ўзгаднення. Думаю, на працягу аднаго-двух тыдняў занясем яго ў Апарат Савета Міністраў на разгляд. Спадзяемся, што ён будзе там разгледжаны і накіраваны кіраўніку дзяржавы», — адзначаў начальнік упраўлення. Мінбудархітэктуры прапрацоўвала праект указа з рознымі ведамствамі, разуменне дасягнута, але некаторыя заўвагі ёсць па выніках экспертызы, якая ацэньвае крымінагенныя рызыкі.
У праект указа ўнесены некаторыя карэктывы. Адказваючы на пытанне аб iпатэцы, Аляксандр Аўраменка удакладніў, што падрыхтоўкай адпаведнага праекта ўказа займаецца Міністэрства эканомікі. Мінбудархітэктуры ўзгадніла праект указа. Паведамлялася, што спачатку пры яго абмеркаванні з рознымі ведамствамі было шмат пытанняў, але агульныя падыходы ўдалося знайсці. Праект указа аб iпатэцы таксама можа быць у бліжэйшы час накіраваны кіраўніку дзяржавы. З укараненнем сістэмы будаўнічых зберажэнняў у грамадзян будзе яшчэ адна магчымасць хутчэй пабудаваць жыллё. Гэта датычыцца і тых, хто не адносіцца да катэгорыі маючых патрэбу.