Увечары 7 жніўня ў адной з вёсак Ваўкавыскага раёна ва ўласным доме знайшлі без прыкмет жыцця са шматлікімі траўмамі крымінальнага характару 81-гадовую жанчыну, паведамляе Следчы камітэт.
Следчыя зафіксавалі абстаноўку, выявілі і канфіскавалі меркаваныя прылады злачынства — сякеру і нож, а таксама шэраг слядоў і аб’ектаў для наступных даследаванняў. Падазраюць у злачынстве 32-гадовага ўнука забітай.
Следчыя высветлілі, што 3 жніўня мужчына вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за забойства, раней ён асуджаўся за разбой. Пасяліўся ў доме роднай бабулі, якая дапамагала яму там матэрыяльна і не толькі, злоўжываў спіртным. Раніцай 7 жніўня пакінуў жыллё на ровары, павёз з сабой мноства рэчаў.
Хлопца затрымалі на ўскраіне адной з суседніх вёсак. Ён быў п’яным — тэст паказаў каля 2 праміле. Сярод рэчаў, якія ён узяў, былі і тыя, што належалі забітай.
Ваўкавыскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па факце забойства, здзейсненага ў дачыненні да заведама састарэлага, з асаблівай жорсткасцю, і асобай, якая раней учынiла забойства (п.п. 2, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Рыхтуецца прызначэнне шэрагу экспертыз, у тым ліку судова-медыцынскай і крыміналістычнай. У дачыненні да падазраванага вырашаецца пытанне прымянення меры стрымання. З яго ўдзелам праводзіцца шэраг следчых дзеянняў. Расследаванне працягваецца.