5 жніўня ў Гродзенскім гарвыканкаме рамеснікі з пешаходнай вуліцы сустрэліся з кіраўніцтвам горада. Улады абверглі інфармацыю аб тым, што рамеснікаў з Савецкай хочуць перасяліць на Чырвонаармейскую. Працоўныя месцы ў цэнтры горада застануцца, але з намётамі ім трэба будзе папрацаваць.
У гарвыканкаме распавялі Hrodna.life, што прыбіраць рамеснікаў з цэнтра горада яны не плануюць. У горада былі толькі ідэі стварыць рамесную пляцоўку на пустыры побач з былой Станіславоўскай кафлярняй на Чырвонаармейскай. Аб’ект планавалі прадаць і зрабіць побач пляцоўку для рамеснікаў, але ў бліжэйшы час аўкцыён не адбудзецца з-за адсутнасці пакупнікоў.
Нагадаем, гродзенскія рамеснікі ў першыя выхадныя жніўня пачалі збіраць водгукі пакупнікоў і подпісы за захаванне працоўных месцаў на вуліцы Савецкай. Сабраны матэрыял яны гатовыя перадаць гарадскім уладам. Таксама яны заявілі, што гатовыя паляпшаць знешні выгляд сваіх працоўных месцаў на пешаходнай вуліцы.