3 жніўня пасля 17 гадзін ва ўстанову аховы здароўя ў Астаўцы на руках прынеслі саракадвухгадовага мужчыну з прабітай соннай артэрыяй. Параненага прынёс яго таварыш 1996 года нараджэння. Ён распавёў, што яны рыбачылі, а яго знаёмы страціў раўнавагу, зваліўся на сук і атрымаў сур’ёзную траўму.
Медыкі патэлефанавалі ў міліцыю, на месца паехала следча-аператыўная група. Як расказалі ў МУС, версія падзення не пацвердзілася.
Аказалася, у гэты дзень кампанія з чатырох чалавек выбралася на рыбалку. Дзеля забавы мужчына 1977 года нараджэння прыхапіў з сабой лук, каб пастраляць па бутэльках. Пасля некалькіх стрэлаў зброя трапіла ў рукі да маладога чалавека. Ён страляў ня ўмела, што выклікала кпіны. Пасля аднаго з няўдалых стрэлаў пацярпелы стаў на лінію агню і ўзяў у рукі бутэльку. У маладога чалавека як раз была нацягнута цеціва, з яго слоў, ён не хацеў страляць, але пасля чарговага папроку пра навыкі пальцы саслізгнулі, а страла паляцела ў шыю пацярпеламу.
Малады чалавек — грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Пасля інцыдэнту ён паспрабаваў з’ехаць на радзіму, але міліцыянты знялі яго з цягніка ў Добрушы. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле 155 КК Рэспублікі Беларусь («Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці»).
Стан пацярпелага — стабільна цяжкі.