Чарговая кніга серыі «У пошуках страчанага» вядомага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава прысвечана Гродна. Калекцыя арыгінальных фотаздымкаў і паштовак, многія з якіх публікуюцца ўпершыню, дазваляе наглядна расказаць аб гісторыі горада з канца XIX стагоддзя да сярэдзіны 70-х гадоў.
Кніга выйшла на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Выпуск выдання ажыццёўлены Рэдакцыйна-выдавецкай установай «Выдавецкі дом «Звязда» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Кніга выйшла да Дня беларускага пісьменства. Першы наклад — 700 экзэмпляраў. Цана — каля 68 рублёў. Аўтар кнігі - лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне».
Вось што пра гэта пішуць у ліпеньскім нумары часопіса «Беларусь. Belarus»:
Філакартычны альбом «Гродна. Падарожжа ў часе» складаецца знекалькіх раздзелаў. Асобна вылучаны 1905−1915 гады. Другі раздзел —1915−1918 гг. Трэці — 1920−1930 гг. Чацвёрты раскажа пра Гродна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. І апошні раздзел запрашае нас на сустрэчу з горадам у 1946−1970‑я гады. Адкрываючы агульны від на гродзенскія замкі і раку Нёман на пачатку XX стагоддзя, далей мы знаёмімся з дэталямі гарадскіх краявідаў. Рака Нёман, Станіславаўская алея, чыгуначны і драўлянымасты цераз Нёман, Палац губернатара (як па сённяшнім часе, дык вельмі сціпла ён выглядае). Стары замак, капліца, Ваенны сабор у Старым замку, Замкавая вуліца, ваенны лагер — такі хочацца скокнуць цераз стагоддзе ці нават болей і колькі часу аддаць на вандроўку ў мінулай атмасферы, сярод гараджан менавіта таго часу.
Здымкі пазбаўлены статычнасці, нават у тым выпадку, калі на выяве няма людзей, фатаграфіі падаюцца дынамічнымі, надзвычай рухомымі. Канешне ж, гартаючы філакартычны альбом, у першую чаргу шукаеш аб’екты знаёмыя — напрыклад, Аўгустоўскі канал, праваслаўныя і каталіцкія храмы, абавязкова — Каложскую царкву. Да эмацыйнага прагляду дадаюцца ўспаміны ўласных сустрэч з Гродна. Часам у знаёмстве з кнігай уяўляюцца і некаторыя адкрыцці кшталту: «А я ж не ведаў пра гэты від, не ўяўляў аб’ект менавіта з такога ракурсу, які падае старая паштоўка!..». І тады ўжо даеш сабе заданне на наступную сустрэчу з Гродна, наступную вандроўку па старадаўніх мясцінах горада на Нёмане. З цікавасцю чытаюцца і тэксты на зваротным баку паштовак. Такому аспекту не так шмат месца адведзена ў альбоме. Хутчэй гэты складнік выкарыстаны як афармленне, дызайн кнігі. І ўсё ж… Адчуваеш, што паштоўкі —жывыя характарыстыкі розных часін, што за кожнай рэпрадукцыяй стаяць людзі, нашы продкі.
Філакартычны альбом «Гродна. Падарожжа ў часе» — яшчэ і адметная фатаграфічная энцыклапедыя, якая расказвае пра старажытны гораду судакрананні з рознымі культурамі, з жыццём людзей розных нацыянальнасцяў на зямлі Беларусі. І ў сувязі з гэтым падумалася вось пра што. Мала выдаваць такія кнігі, альбомы. Так, яны не маўчаць у кнігарнях, але павінны стаць яшчэ болей «гаваркімі», калі будуць прэзентавацца з перасоўнай выстаўкай, напрыклад, у розных вялікіх і малых паселішчах Беларусі, калі пра іх будуць ведаць у Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі, калі пра іх будуць ведаць па‑суседску. Упэўнены, што філакартычныя альбомы серыі «У пошуках страчанага» — гэта неабходны складнік у справе дэманстрацыі турыстычнага патэнцыяла Беларусі.