Чытач Hrodna.life Павел Зубкоў адправіў у ДАІ пытанне: што яны збіраюцца рабіць з масавымі парушэннямі ПДР на пешаходным ўчастку вуліцы Маставой. Аб праблеме мы пісалі ў артыкуле «Таксісты і не толькі. Чаму па пешаходнай Маставой усё часцей ездзяць на аўто?». Вось што адказалі Паўлу.

Што ўжо ёсць?

Легальна пад’ехаць да пешаходнай часткі Маставой можна са двароў па праездзе паміж будынкам былой фабрыкі «Акцэнт» і крамай «Раніца», з вуліцы Замкавай, а таксама з боку вуліцы Кастрычніцкай. На саму Маставую ў гэтай яе частцы ўехаць нельга — стаяць знакі «Пешешеходная зона».

У ДАІ адзначылі, што ў студзені 2019 года з боку вуліцы Давыда Гарадзенскага былі ўсталяваныя загараджальныя тумбы (бетонныя паўсферы) — для падвышэння бяспекі. Абмяжоўваць рух па вуліцы з іншых бакоў ДАІ лічыць немэтазгодным: гэта перашкодзіць масавым мерапрыемствам на Савецкай плошчы.

Каго-небудзь пакаралі? Сачыць за сітуацыяй будуць?

Як вынікае з ліста, за 12 дзён у чэрвені-ліпені за праезд па пешаходнай зоне вуліцы Маставой інспектары прыцягнулі ўсяго толькі двух кіроўцаў.

ДАІ паабяцала арыентаваць нарады на перыядычны кантроль на вуліцы Маставой.

Што рабіць калі бачыш парушэнне?

Два парушальнікі за амаль два тыдні - вельмі мала. Магчыма, ДАІ працавала на Маставой днём, у той час як праблема абвастраецца вечарам і ноччу. Павел думае, што так і было.

Калі вы бачыце відавочнае парушэнне правілаў, у ДАІ раяць звяртацца ў дзяжурную частку па тэлефоне 79−75−04 або 79−75−05.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life