Андрэй Бурдзянкоў, які год таму вырашыў адлічбаваць найстарэйшыя каталіцкія могілкі ў Гродне, заканчвае свой праект. На апошнюю ўборку і алічбоўку пахаванняў ён запрашае гродзенцаў.

У Гродна Андрэй стаў прыязджаць з пачатку жніўня 2018 года. Ён дае свае грошы не толькі на адлічбоўку, але і на добраўпарадкаванне некропаля. Свой праект па могілках Беларусі хлопец пачаў яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку гэта быў бясплатны дадатак для смартфона, а потым праграмісты распрацавалі спецыяльную праграму. Яна дазваляе пры здымцы на смартфон паказваць дакладныя каардынаты месца і дадаваць апісанні надмагілляў.

Апошняя прыборка на Фарных могілках: гродзенцаў запрашаюць прыняць удзел

«У Гродне на каталіцкіх могілках мы заканчваем працы. За ўвесь час у Гродне мне па сутнасці дапамагаюць 1,5 чалавекі, — распавядае Андрэй. — Ужо 1400 пліт ёсць на сайце. Калі пераможам джунглі за капліцай, то плануем адздымаць яшчэ больш за 300 пахаванняў. Галоўная праблема — трава і кусты на рэшце могілак».

Апошняя прыборка на Фарных могілках: гродзенцаў запрашаюць прыняць удзел

На апошні этап работ на каталіцкіх могілках Андрэй у чарговы раз запрашае валанцёраў з інструментам. Уборка пройдзе 5−7 жніўня. Пасля гэтага хлопец плануе прэзентаваць гатовы праект.

Зараз на сайце graves.by можна ўбачыць інфармацыю па 25 могілках у Беларусі - гэта больш за 7000 надмагільных пліт. Дзякуючы ініцыятыве хлопца некаторыя замежнікі ўжо змаглі знайсці магілы сваіх сваякоў.

Даведка

Каталіцкія, або, як іх яшчэ называюць, Фарныя могілкі былі заснаваны ў Гродне ў 1792 годзе. Яны лічацца самымі старымі камунальнымі могілкамі ў Беларусі. Некропаль раскінуўся на тры гектары. Тут пахаваныя Эліза Ажэшка, яе муж, гродзенскі юрыст Станіслаў Нагорскі, прыдворны архітэктар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Джузэпэ Сака, заснавальнік заапарка Ян Каханоўскі, мэры Гродна, генерал Баркоўскі, а таксама вядомыя ў горадзе лекары, інжынеры, мастакі і скульптары.

Апошняя прыборка на Фарных могілках: гродзенцаў запрашаюць прыняць удзел

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life