У населеных пунктах Беларусі пры азеляненні стануць высаджваць больш буйных і сярэдніх па памеры дрэваў, паведамяляе belta.by.
«Перагледжаны патрабаванні ў частцы колькасці саджанцаў дрэваў, якія высаджваюць пры азеляненні жылых тэрыторый, устаноў, арганізацый, у залежнасці ад іх памеры. Згодна з новай рэдакцыяй, буйнамерныя дрэвы павінны займаць 20% (раней 5%) (у агульнай колькасці высаджаных — заўв. belta.by), сярэдняга памеру — 80% (раней 60%). Ад маламерных саджанцаў вырашана адмовіцца (раней іх доля была 35%) «, — распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Вольга Верамей.
Ад маленькіх дрэваў і кустоў вырашылі адмовіцца праз тое, што яны горш прыжываліся, чым вялікія расліны. Ужо высаджаныя маламерныя саджанцы прыбіраць не будуць.
У пастанове таксама з’явілася азначэнне, што такое ландшафтная кампазіцыя. Да яе элементаў адносяцца месцазнаходжанне, рэльеф, насаджэнні, вадаёмы, дарожная сетка, паркавыя збудаванні, малыя архітэктурныя формы.
Новыя падыходы замацаваны ў пастанове Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 25 ліпеня 2019 года № 43, паведаміла журналістам Вольга Верамей.