Сёлета «Сусветнае прэс-фота – 2019» – сусветна вядомы праект – ужо другі раз пакажуць у Гродне. Адкрыццё выставы адбудзецца 8 жніўня 2019 года а 19:00 у “Цэнтры гарадскога жыцця”. У праграме – экскурсія ад куратаркі «Сусветнага прэс-фота – 2019» Санэ Схім ван дэр Люф (Нідэрланды). Выстава будзе экспанавацца да 29 жніўня.

Выстава паказвае вынікі штогадовага конкурсу «Сусветнае прэс-фота», які сёлета ладзіцца 62-гі раз. Конкурс адзначае прафесійных фатографаў за найлепшыя кадры – асобныя здымкі або серыі, – зробленыя імі на патрэбу візуальнай журналістыкі ў папярэднім годзе.
Сёлета 4738 фатографаў са 129 краінаў падалі на конкурс 78 801 фатаграфію. Візуальныя гісторыі ацэньваюцца паводле наступнага крытэру – дакладнае, сумленнае і пераканаўчае адлюстраванне нашага свету. Працы мусяць адпавядаць нормам этыкі, а фота пераможцаў праходзяць строгую праверку на праўдзівасць. Гэта гарантуе дакументальную дакладнасць сцэнаў, сведкам якіх зрабіўся фатограф.

У журы конкурсу ўваходзяць прызнаныя прафесіяналы фотажурналістыкі. Склад журы мяняецца кожны год.
Усё пачала ў 1955 годзе група галандскіх фатографаў, арганізаваўшы міжнародны конкурс («Сусветнае прэс-фота»), каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй планеце. З таго часу конкурс развіўся ў самае прэстыжнае на свеце спаборніцтва фатографаў, а місія пашырылася. Штогод выстава экспануецца больш чым у 100 гарадах 45 краінаў. Выстава прэзентуе гісторыі, што змушаюць людзей спыніцца, адчуць, задумацца і пачаць дзейнічаць. Такім чынам конкурс ушаноўвае найлепшае ў журналістыцы і лічбавым сторытэлінгу.

Ёсць адчувальная патрэба ў выявах і гісторыях, вартых даверу, і высакаякасныя рэпартажы на гэтай выставе даюць важныя веды пра наш свет. Часам гэта прыгожыя выявы, а часам неабходна паказаць цяжкія гісторыі, але ўсе яны дакладныя і маюць значэнне.
У 2019 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо шосты раз прымае Беларусь (апошнія чатыры гады афіцыйным партнёрам праекту выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ). Экспазіцыя арганізаваная ў партнёрстве з “Цэнтрам гарадскога жыцця” (Гродна) пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.

Экспазіцыя будзе даступная з 8 да 29 жніўня 2019 года па адрасе: “Цэнтр гарадскога жыцця”, вул. Кірава, 3, 12:00–20:00 штодня, уваход вольны.


