27 ліпеня на будаўніцтве АЭС у Астраўцы 59-гадовы і 23-гадовы будаўнікі атрымалі траўмы ў выніку падзення платформы (люлькі) аўтавышкі «МАЗ» з мантажным стрэлавым пад’ёмнікам. Працоўныя былі ў люльцы на момант яе падзення і рабілі ўцяпленне адміністрацыйнага будынка лабараторна-бытавога комплексу.
Як мяркуецца, прычына падзення — збой у працы абсталявання. Абодва працаўнікі былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, паведамляе Следчы камітэт Беларусі. Абставіны здарэння высвятляюць.
Паводле звестак аднаго з тэлеграм-каналаў, люлька ўпала проста на вачах у міністэрскай камісіі, якая прыехала правяраць аб’ект. У аднаго з працоўных — пералом запясця, у другога — пераломы канцавінаў.