Здаецца, у свой час усе паглядзелі фільм пра вернага сабачку “Хаціка” (і толькі самыя нячулыя над ім не плакалі). На гэтых выхадных гродзенцы могуць паглядзець гэты фільм па-беларуску. Па водгуках, атрымалася яшчэ больш кранальна.

Першы паказ адбыўся 26 ліпеня ў кінатэатры “Космас”. На ўваходзе наведвальнікаў сустракалі анкеты і буклеты, дзе можна было пачытаць пра сапраўднага Хаціка, які нарадзіўся ў 1923-м годзе. На фільм прыйшло каля 15 чалавек. Прычынай можа быць час сеансу: у пятніцу а 17.00 большасць людзей толькі выходзіць з працы. Наступныя паказы адбудуцца там жа ў суботу і нядзелю ў 17.20.

Знакамітая брытанска-амерыканская меладрама з Рычардам Гірам у галоўнай ролі выйшла ў 2009 годзе і яшчэ раз нагадала свету аб кранальнай гісторыі сяброўства сабакі і чалавека. Фільм з’яўляецца рымейкам японскай стужкі 1987 года і заснаваны на рэальных падзеях з жыцця сям’і прафесара Такійскага ўніверсітэта Хідэсабура Уэна, якому ў 1923 годзе мясцовы фермер падарыў шчанюка пароды акіта-іну. У галівудскай версіі фільма маленькага Хаціка знаходзіць прафесар Уілсан. Паміж жывёлай і чалавекам завязалася сяброўства – настолькі моцнае, што Хаціка кожную раніцу праводзіў гаспадара на чыгуначную станцыю, калі ён адпраўляўся на працу, і цярпліва чакаў яго вяртання. Аднойчы прафесар не вярнуўся, але сабака ўсё адно прыходзіў сустракаць яго кожны дзень цягам яшчэ дзевяці гадоў.

Фільм паказвае кампанія «Кінаконг» у межах праекта «Беларускія ўікэнды». Мінчане ўжо паглядзелі «Хаціка» ў Міжнародны дзень сабак 2 ліпеня. Зараз магчымасць убачыць карціну з’явілася і ў жыхароў Гродна.

– Мы рэдка паказваем такія лірычныя фільмы, і “Хаціка” адзін з іх. Фільм цудоўны, пра вернасць, пра сяброўства. Мне здаецца, гэта рэч, якая ў Беларусі вельмі важная. Хаціка знакаміты сваёй вернасцю, а Беларусь на другім месцы ў  свеце па разводах. У прынцыпе, усе мы ўхваляем тое, што робіць Хаціка, мы гэта лічым гераічным учынкам. І гэта такое натхненне для нас, каб пачаць паводзіць сябе як ён у стасунках з сябрамі, з блізкімі, з жонкамі ці мужамі і не толькі, – тлумачыць выбар фільма Андрэй Кім з “Кінаконгу”. Ён кажа, што калі нехта зменіць сваё жыццё да лепшага пасля прагляду, праца зроблена не дарма.

Добры фільм + беларуская мова

Сярод гледачоў былі і наведнікі курсаў “Мова Нанова”.

– Я асобна люблю фільм “Хаціка”, асобна люблю беларускую мову, а сёння будзе спалучэнне на 100 адсоткаў, – расказвае Святлана. Тое ж самае кажа Сяргей: добрае кіно, добры сюжэт, беларуская мова – што яшчэ трэба? Да таго ж, у першы раз да канца хлопец фільм не даглядзеў. Кажа, што не абяцае не плакаць на праглядзе.

У Гродне паказваюць "Хаціка" па-беларуску. Яшчэ ёсць два сеансы

Пара Максім і Шыра прыйшлі падтрымаць беларускую мову і беларускамоўнае кіно. Усміхаюцца і кажуць, што ідуць з цяжкім сэрцам і гатоўнасцю паплакаць.

У Гродне паказваюць "Хаціка" па-беларуску. Яшчэ ёсць два сеансы

Фільмы па-беларуску паказалі добрыя зборы

– Наша мэта ў тым, каб фільмы па-беларуску былі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. І Гародня – першы горад, пра які мы думаем. Вядома, што выгадна ў першую чаргу ў Мінску гэта рабіць. Але наша мэта ў першую чаргу не зарабіць грошай, а прасунуць добрае кіно, прасунуць кіно па-беларуску, – кажа Андрэй Кім.

“Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб” і “Тэрмінатар-2” па-беларуску мелі добрыя зборы, лічыць Андрэй. Параўноўвалі з наведвальнасцю рускамоўных фільмаў, якія ішлі ў той жа перыяд у кінатэатры. Шмат чаго залежыць ад кінатэатра, часу сеанса. А ўвогуле пра нейкую дынаміку казаць цяжка. Паказы ў Гродне пачаліся вясной, а лета ў кіно лічыцца мёртвым сезонам.

У Гродне паказваюць "Хаціка" па-беларуску. Яшчэ ёсць два сеансы

Пакуль з жанрамі фільмаў “Кінаконг” эксперыментуе. Быў і дзіцячы фільм, і баявік, зараз ідзе лірычны фільм. Арганізатары спадзяюцца, што ўжо з восені зразумеюць густы гродзенцаў, каб рабіць паказы, якія будуць ім цікавыя. А калі раптам залы будуць пустыя, не праблема, бо без памылак нельга пабудаваць чагосьці паспяховага. Таксама стваральнікі заклікаюць беларускамоўную актыўную супольнасць расказваць пра кінапаказы. Бо па статыстыцы, важнейшы асабісты кантакт, а не рэклама.

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom| A1, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце. У планах паказаць у Гродне “Mortal Kombat”, “Падынгтан” і “Падынгтан 2”.