«Бачыш, якая тоўсценькая ў цябе ліса, яна ж не такая. Давай яе трохі выцягнем … «, — белая гліна можа ператварыцца ў што заўгодна, але ў лісу ніяк. Не бяда, затое атрымаўся тхор, яшчэ слімак, змяя з сінімі кругамі, невядомая птушка … «Цяпер давай рыбу ляпіць» … «А што такое рыба?»
Кожны тыдзень у ліпені мастак Аляксандр Сільвановіч прыязджае ў гродзенскі абласны Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і праводзіць творчыя заняткі.
У перапынку паміж працэдурамі, уколамі, масажам дзеці лепяць з гліны, пластыліну, малююць крэйдай, фламастарамі, робяць аплікацыі, паштоўкі-раскладушкі, якія могуць ўсміхацца. «Творчая рэабілітацыя пашырае далягляды свядомасці, развівае маторыку, дзеці пазнаюць новыя тэмы, прыёмы ў мастацтве», — кажа Аляксандр.
Вынікам павінна стаць невялікая выстава, якая адкрыецца восенню ў выставачным цэнтры «Фестывальны».
Праект «Ствараем разам» распачаты пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы, Генеральнага консульства Літоўскай рэспублікі ў Гродне, праекта Lithuanian development Cooperation.