Салдат, які праходзіць тэрміновую службу ў Гродне, 23 ліпеня здзейсніў спробу суіцыду. Пра гэта паведаміў адзін з тэлеграм-каналаў.

Здарэнне адбылося ў 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, якая базуецца ў Гродне. Шэраговец разведвальнага батальёна Андрэй Шчарбакоў (ён быў прызваны ў траўні 2019 года) нанёс сабе цялесныя пашкоджанні. Кроў заўважылі калегі па службе. Хлопца выратавалі.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімер Макараў сказаў s**boda.org, што 23 ліпеня ў адной з вайсковых частак гродзенскага гарнізону зафіксаваны «дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні, якія маюць прыкметы замаху на злачынства „наўмыснае калечанне“».

Ён сказаў, што праводзіцца праверка па ўсіх кірунках. Салдата накіруюць таксама ў медыцынскую ўстанову.

«Калі гэтыя прыкметы пацвердзяцца, то будзе пачатая крымінальная справа. Гэта не з’яўляецца замахам на самагубства, бо чалавек, які ўчыняў гэтыя дзеянні, ведаў пра бяспеку дзеянняў, якія ён рабіў», — сказаў Уладзімер Макараў.

Што падштурхнула вайскоўца да гэтага ўчынку, паводле Макарава, таксама будуць высвятляць.

«Дагэтуль ён неаднаразова казаў пра суіцыдальныя намеры. Хоць гэты выпадак не зʼяўляецца спробай суіцыду, бо спроба прадугледжвае дзеянні, якія не прывялі да смяротнага зыходу з прычыны, якая не залежыць ад самога чалавека. Гэта менавіта дэманстрацыйна-ўстановачныя дзеянні».


У Слоніме салдат тэрміновай службы рэзаў сабе вены. Мінабароны: гэта членашкодніцтва