Чым папракаць адно аднаго ў выкарыстанні аднаразовых пластыкавых пакетаў, мы вырашылі стварыць ім альтэрнатыву – уласнаручна звязаць авоські. Зараз у Гродне стала на 12 авосек больш. На майстар-класе ад Hrodna.life 22 ліпеня ўдзельніцы звязалі сабе сумачкі, якія зручна браць з сабой і можна выкарыстоўваць шмат разоў.

Авось атрымаецца

Майстарка Тамара Герасіменка, якая праводзіла занятак, распавяла таксама пра новую хвалю моды на вязаныя сумкі-сеткі. Аказваецца, зараз яны маюць сучасную назву “шопер”. А гісторыя назвы паходзіць ад аднаго з гумарыстычных маналогаў Аркадзія Райкіна. З такой торбай ён выбіраўся “на дабыткі” – авось нешта ўдасца купіць.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

“Я даўным-даўно адмовілася ад пакетаў, – кажа Тамара Герасіменка. – Найперш, гэта пытанне грошай, якіх бы там не было. А па другое – навошта збіраць дома непатрэбнае пластыкавае смецце?”

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

Звязаць авоську ці шопер можа любы чалавек уласнымі рукамі, упэўнена майстарка. Што да зручнасці – то яна відавочная. “Авоська мала важыць і складзеная змяшчаецца ў далонь. Проста варта завесці сабе правіла заўжды браць яе з сабой”.

На майстар-клас прыйшлі ўдзельніцы з розным досведам вязання. Таму майстарка прапанавала выбраць мадэль авоські сабе па сілах. Самыя простыя вязаліся самым простым “ланцужком”. “Трэба набраць сем петляў. Гэта мая любімая лічба. І зрабіць з іх кола. Далей – адзін шэраг слупкамі з накідам. А потым “аркі з ланцужкоў” таксама кожная па сем петляў”.

“Першы раз вяжу – як у першакласніка атрымліваецца, – прызналася Святлана Кочатава. – Але займальна! Я стараюся”.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

“Гэта мая першая авоська”, – кажа Наталля Яскелевіч. Яна шмат вяжа, але раней “спецыялізавалася” больш на адзенні і цацках. Пра майстар клас прачытала ў сеціве яе дачка і замовіла маме авоську. “Сказала, што вельмі хоча такую торбачку. То я прыйшла паспрабаваць”.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

Хочаце “ўтылізаваць” астаткі нітак – вяжыце авоську

Паводле Тамары, ніткі для авоські можна ўзяць любыя. Таксама можна скарыстаць ніткі розных колераў і фактур ці выкарыстаць астаткі, якія няма дзе падзець – будзе падвойная карысць.

“Не пашкадавала, што прыйшла, – дзеліцца ўражаннямі Надзея Багдзевіч. – Вельмі даступна ўсё патлумачылі. З такім вязаннем справіцца нават малое дзіця. Абавязкова звяжу яшчэ і сяброўкам у падарунак па авосьцы”.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

“Дачка хацела набыць авоські ў адной з замежных крамаў. Сказала ёй – не трэба, я табе звяжу”, – расказала Аліна Філіпчык. Яе меркаваннем, вязанне авосек аказалася яшчэ і калектыўнай псіхатэрапіяй. “Такія цікавыя людзі сабраліся! За размовамі і працай прыемна правялі час. Усе дзённыя трывогі неяк адступілі”.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

“Мяне сяброўка запрасіла. Кажа – давай паспрабуем, – расказала Наталля Рэпіна. – Я ніколі раней не вязала кручком. Аказваецца – усё хутка атрымліваецца”.

Ала Дзенісенка – спрактыкаваная вязальшчыца і прыйшла на майстар-клас за кампанію з сяброўкамі. “Як раней хадзілі на пасядзелкі – пагаварыць за працай, пакуль рукі занятыя, разам пабавіць час. Увогуле, я вяжу са школьных гадоў і вельмі радая, што зараз вязаныя рэчы ізноў вяртаюцца ў моду”.

Авоська ці шопер? Называй як хочаш, але мы гэта зрабілі  

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]