Сёння каля 18.00 на восьмым кіламетры аўтадарогі Воранава — Навіянка ў раёне вёскі Кавалеўшчына аўтамабіль збіў 58-гадовую веласіпедыстку, якая ехала ў спадарожным кірунку. Жанчына памерла на месцы здарэння, паведамляе телеграм-канал прэс-сакратара МУС Рэспублікі Беларусь.

Кіроўца з месца аварыі ўцёк. Для пошуку аўтамабіля ў некалькіх раёнах уводзіўся план «Перахоп». На месца здарэння выехалі супрацоўнікі ДАІ і следча-аператыўная група.

На працягу гадзіны пасля ДТЗ на аб’язной дарозе каля Воранава выявілі адшукваемы аўтамабіль: кіроўца кінуў яго на СТО і схаваўся.

Пазней праваахоўнікі знайшлі і меркаванага вінаватага ў аварыі. Ім аказаўся 36-гадовы жыхар адной з вёсак раёна, у якога меліся прыкметы алкагольнага ап’янення.

Зараз высвятляюцца ўсе акалічнасці трагедыі, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.