У Гродне завершана расследаванне крымінальнай справы аб ДТЗ, у выніку якога загінуў адзін і пацярпеў другі пешаход. Нагадаем, 4 траўня каля 14 гадзін на вул. Санаторнай у Гродне аўтацягнік «Рэно Магнум АЕ 430» з паўпрычэпам «Шмітц SPR24» самаадвольна пакаціўся, збіў дзвюх жанчын і ўрэзаўся ў апору асвятлення ля аўтобуснага прыпынку. Як паведамілі ў СК па Гродзенскай вобласці, 51-гадовы кіроўца пакінуў машыну на ўчастку са спускам.

54-гадовая гродзенка на наступны дзень пасля ДТЗ памерла ад цяжкіх траўмаў у бальніцы, а яе 55-гадовая знаёмая атрымала цялесныя пашкоджанні, якія эксперты аднеслі да катэгорыі менш цяжкіх.

СК усталяваў, што аўтацягнік меў няспраўныя тормазы, пры якіх забаронена вадзіць. Аднак кіроўца не праходзіў тэхагляд. Таксама не прымяніў супрацьадкатны ўпор.

Кіроўцу інкрымінавана парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання і смерць чалавека (ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Сваю віну ён прызнаў цалкам. У якасці меры стрымання да абвінавачанага ўжыта падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах. Раней да крымінальнай адказнасці ён не прыцягваўся. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.