47-гадовы гродзенец вырашыў правучыць дзяцей вельмі небяспечным для іх здароўя спосабам. Усё гэта адбылося на днях у двары аднаго з дамоў па вуліцы Пралетарскай. П’яны мужчына знаходзіўся ў сваёй кватэры, калі яму сталі перашкаджаць дзеці, якія гулялі на дзіцячай пляцоўцы, паведамляе grodno.mvd.gov.by.
Мужчына стаў крычаць на дзяцей, якія не давалі яму адпачываць. Вось толькі яго словы дрэнна даносіліся з балкона восьмага паверха, таму ў ход пайшлі іншыя, небяспечныя аргументы.
«Як толькі мужчына стаў крычаць з балкона, адзін з дзяцей паклікаў на дапамогу бацькоў. Калі дарослыя прыйшлі на месца, грамадзянін працягваў скандаліць, таму дзяцей адвялі далей. Пасля гэтага падазраваны кінуў з балкона восьмага паверха два кухонных нажы ў бок дзіцячай пляцоўкі. Балазе кідальнік зброі з яго ніякі, таму ў выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Аб гэтым здарэнні паступіла паведамленне ў аператыўна-дзяжурную службу Кастрычніцкага РАУС, на месца выбыла следча-аператыўная група. Праваахоўнікі пагутарылі з відавочцамі, як апынулася, мужчына і раней вёў сябе агрэсіўна» — распавёў начальнік ОУР Кастрычніцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Юры Пазняк.
Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Хуліганства». Раней падазраваны не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, аднак, у 2019 годзе на яго былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення і дробнае хуліганства.