II Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня, сталі самай вялікай спартыўнай падзеяй Беларусі ў 2019 годзе. Офіс па правах людзей з інваліднасцю некалькі месяцаў сачыў за іх даступнасцю.
Была сабрана група валанцёраў, якія даследавалі спартыўныя аб’екты, напрыклад, арэны, і іншыя месцы, якія маглі быць цікавыя турыстам. Вынікі былі прадстаўлены супрацоўнікамі Офіса 9 ліпеня.
У гэты раз маніторынг даследаваў і дынаміку падрыхтоўкі Гульняў: наколькі ў прынцыпе Беларусь здольная забяспечваць даступнасць і інклюзіўнасць такіх маштабных падзей. Гэта быў не проста замер пандусаў, а глыбокае і рознабаковае вывучэнне інклюзіўнасці: саміх аб’ектаў, арганізацыі спаборніцтваў, падрыхтоўкі і кампетэнтнасці, а таксама інфармацыі аб даступнасці.
Яшчэ да пачатку гульняў былі праведзены маніторынгі і падрыхтаваны адпаведныя рэкамендацыі ў кастрычніку 2018 года для ўсіх 16 арэн, на якіх адбываліся спаборніцтвы. І да самага пачатку спаборніцтваў працягваліся кансультацыі. Такі падыход дазволіў ацаніць, наколькі арганізатары гатовыя і здольныя аператыўна ствараць інклюзіўныя ўмовы.
Найважнейшым элементам маніторынгу стала вывучэнне даступнасці аб’ектаў, якія ўваходзяць у кола II Еўрапейскіх гульняў. Яно праходзіла з 12 красавіка па 30 чэрвеня 2019 года. Наглядам і даследаваннем займаліся валанцёры, сярод якіх былі людзі з інваліднасцю і без. Усе валанцёры прайшлі спецыяльнае навучанне — трэнінгі, падчас якіх ім распавядалі аб прынцыпах ацэнкі даступнасці прастор. Усяго ў валанцёрскай камандзе было 42 чалавекі, якія ацанілі 71 аб’ект.
Ацэньвалі розныя параметры. Гэта і магчымасць трапіць у аб’екты для людзей з інваліднасцю, напрыклад, даступнасць грамадскага транспарту, тратуара, уваходу. Асаблівая ўвага надавалася інфармацыйнаму складніку. Гэта значыць, ці ёсць інфармацыя аб гульнях у даступных фарматах, указанне, як людзі з інваліднасцю могуць атрымаць дапамогу. І менавіта гэтая частка моцна правісала.
— Калі ацэньваць здольнасць рабіць больш даступнымі для маламабільных груп — тут ёсць пэўныя поспехі на спартыўных аб’ектах, якімі займалася дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў. А вось з інфармацыйнай даступнасцю — поўны правал, параўнальны з сітуацыяй 5 гадоў таму. Арганізатары не здолелі ў поўнай меры ўлічыць асаблівыя патрэбы ў інфармацыйнай прасторы. І калі ў дырэкцыі не атрымалася гэта рэалізаваць, то горад нават не спрабаваў. Горад і зусім не выканаў абавязак эфектыўнага ўзаемадзеяння ў падрыхтоўцы з экспертамі ў пытаннях даступнасці і інклюзіі, — распавядае стваральнік маніторынгу, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Напрыклад, месцы правядзення гульняў у найбольшай ступені даступныя для заўзятараў з інваліднасцю. Тое ж можна сказаць аб Нацыянальным аэрапорце «Мінск» і чыгуначным вакзале. Аднак там таксама ёсць нюансы: няма інфармацыйных указальнікаў пра тое, дзе людзі з інваліднасцю могуць атрымаць інфармацыю, гукавога суправаджэння і шрыфта Брайля для невідушчых людзей, даступнага грамадскага транспарту, які ішоў бы ў аэрапорт.
У той жа час фан-зоны, якія знаходзіліся ў ведамасці горада, былі толькі часткова даступныя для людзей з інваліднасцю. Напрыклад, побач з даступным туалетам маглі быць пракладзены кабелі, якія цалкам перакрываюць праход. У адрозненне ад дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў, гарадскія ўлады не імкнуліся супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыямі.
Эксперты лічаць, што Еўрапейскія гульні могуць стаць штуршком, які пакажа важнасць забеспячэння інклюзіі. Але яны не павінны ўспрымацца як экстраная сітуацыя, а як норма.
— Напрыклад, відавочнае дасягненне II Еўрапейскіх гульняў - квіткі для людзей з інваліднасцю ў вольным доступе па сацыяльных коштах. Таксама ў спадчыну застануцца некаторыя тэхнічныя ўмовы, напрыклад, даступныя санвузлы на спартыўных аб’ектах. Але галоўнае, што цяпер у Беларусі ёсць людзі, якія ўжо ведаюць, як працаваць з людзьмі з інваліднасцю і забяспечваць інклюзію, — сцвярджае Сяргей Драздоўскі.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю на аснове маніторынгу распрацавалі рэкамендацыі, якія можна выкарыстоўваць для арганізацыі мерапрыемстваў.
Пазней гэтыя рэкамендацыі будуць адпраўленыя ў міністэрства і гарадскую адміністрацыю.
Часта можна пачуць меркаванне, што навошта затлумляцца з інклюзіўнасцю, калі гэтым ніхто не будзе карыстацца. Сяргей Драздоўскі з гэтым меркаваннем не згодны.
— Напрыклад, спецыяльныя трыбуны для людзей з інваліднасцю на Еўрапейскіх гульнях былі запоўненыя. Гэта прыкмета таго, што калі даступнасць аб’ектаў будзе арганізавана, то ёй будуць карыстацца тыя, каму гэта трэба.
Ужо цяпер інклюзіўны турызм складае 11% ад агульнага сусветнага турыстычнага патоку. І ў будучыні гэтая лічба вырасце да 20%.
— Людзі з інваліднасцю, як правіла, больш лаяльныя і вытрачаюць больш грошай. Таксама яны падарожнічаюць разам са сваімі суправаджаючымі. А гэта ўжо мінімум у два разы больш выдаткаў на квіткі і жыллё. Яны даўжэй падарожнічаюць і часта ездзяць ўнутры сваёй краіны. Таму што ведаюць аб мясцовым узроўні даступнасці, — распавядае Наталля Барысенка-Клепач, старшы выкладчык кафедры міжнароднага турызму БДУ.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…