У Беларусі плануецца ўзмацніць пакаранне за п’яныя ДТЗ са смяротным зыходам

У Беларусі плануецца ўзмацніць пакаранне для п’яных кіроўцаў, у прыватнасці за ДТЗ са смяротным зыходам. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак.

Генпракуратура сумесна з Саветам Міністраў, Вярхоўным судом і Адміністрацыяй Прэзідэнта падрыхтавала прапановы аб узмацненні адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Так, плануецца ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс. Зараз кіроўцу за п’янае ДТЗ, калі па яго віне чалавек загінуў або атрымаў цяжкія траўмы, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. У выпадку прыняцця паправак пакаранне стане больш жорсткім — пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Новаўвядзенне закране і правілы бяспекі руху або эксплуатацыі маламерных судоў. Такое ж пакаранне плануецца прадугледзець і для п’яных судакіроўцаў за няшчасныя выпадкі на вадзе са смяротным зыходам. Зараз санкцыя ч.4. ст. 316 КК — гэта пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.

Акрамя таго, прапануецца п’яных кіроўцаў - вінаватых у смяротных ДТЗ, а таксама тых, хто перадаў нецвярозаму транспартны сродак, пазбаўляць права кіравання ім на тэрмін да 8 гадоў (цяпер да 5 гадоў).

Шэраг паправак плануецца ўнесці ў КоАП і ПВКоАП. У арт.18.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануецца прапісаць дыферэнцыраваную адказнасць у залежнасці ад канцэнтрацыі алкаголю ў крыві ці парах выдыханага кіроўцам паветра. ПВКаАП (ч.8 ст. 8.7, накладанне арышту на маёмасць) плануецца дапоўніць нормай, якая дазваляе накладаць арышт на транспартны сродак кіроўцы, які трапіўся на п’янай яздзе, перадаў нецвярозаму права кіравання, а таксама сеў за руль без правоў.

Прапанаваныя ініцыятывы ўключаны ў праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці». Ён падрыхтаваны Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і цяпер праходзіць узгадненне ў зацікаўленых дзяржаўных органах. Плануецца, што ў Палату прадстаўнікоў папраўкі паступяць у красавіку 2020 года.

Анжаліка Курчак падкрэсліла актуальнасць заканадаўчых мер, накіраваных на ўзмацненне адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення. «Сітуацыя застаецца напружанай. У прыватнасці, па-ранейшаму значная колькасць крымінальных злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з парушэннем правілаў дарожнага руху нецвярозымі кіроўцамі», — канстатавала афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

Падзяліцца
Меткі: аўтоулады

Апошнія запісы

У цэнтры Гродна адкрылася пяльменная — у назве ёсць адсылка на легендарнае кафэ, якое любілі гродзенцы

"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…

23 лютага 2025

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025