Горадзенскага актывіста Мечыслава Супрона асудзілі на 127,5 рублёў штрафу (5 базавых велічынь). Раней ён павесіў на старым мосьце ў Горадні плякат «Нёман атручаны лідзкай ЖКГ», піша s**boda.org.

Справу разглядалі ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 10 ліпеня.

Пра забруджваньне ракі Дзітвы і Нёмана грамадзкія актывісты пачалі казаць пасьля масавага мору рыбы пад Лідай. Да таго ж малы сын Супрона захварэў пасьля купаньня ў Нёмане ў гэты час. Актывісты знайшлі каналізацыйную трубу, адкуль ішла брудная сьмярдзючая вада зь пенай з ачышчальных збудаваньняў лідзкай ЖКГ.

Праз тыдзень ад пачатку зьліваў забруджваньне Дзітвы праз ЖКГ пацьвердзілі пробы, узятыя камітэтам аховы прыроды.

За ранейшую акцыю аб атручэньні Дзітвы актывістаў зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса аштрафавалі на 255 рублёў кожнага.