Супрацоўніцы гродзенскага стрып-клуба «Рэлакс» зняліся на танку. Гэтым фотаздымкам клуб павіншаваў падпісчыкаў у сацсетках з Днём Незалежнасці, піша n*.by.
Вось толькі фота было зроблена каля Кургана Славы — гэта мемарыяльны комплекс, які ўшаноўвае памяць загінулых у Другой Сусветнай вайне. Каля Кургана знаходзіцца Алея Героеў, побач з якой і выстаўленая ваенная тэхніка. У тым ліку і тыя танкі.
Дарэчы, фідбэк аказаўся не асабліва пазітыўным. Фота разышлося па сацсетках, але карыстальнікі ў асноўным абураюцца здымкам.
«Наша Н**а» звярнулася па каментар у стрып-клуб. Нейкая Алена (прозвішча назваць адмовілася) паведаміла, што працуе дырэктарам клуба.
«Я не хачу адказваць на пытанні. Таму што я цалкам падтрымліваю палітыку, якую праводзіць наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Я паважаю ўсе святы, шаную законы і шчаслівая, што жыву ў гэтай краіне. І ўвесь калектыў таксама, — запэўніла яна. —
І гэта ўвесь каментар. Так і напішыце. А калі маеце нейкія пытанні, то можаце звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Я асабіста там вельмі часты госць. Што я там раблю, я вам расказваць не буду. Але паверце мне, я глыбока шаную ўсе законы і палітыку, якую праводзіць наш прэзідэнт!»