Беларускі галкіпер Максім Саманькоў (1989) упершыню ў кар’еры пайшоў у легіянеры. 29-гадовы брамнік дасягнуў дамоўленасці аб кантракце з румынскай «Чыксэрэдай» з горада Меркура-Чук, якая выступае ў адкрытым чэмпіянаце Венгрыі (Erste Liga), піша pressball.by.
На працягу апошніх сямі гадоў выхаванец наваполацкага хакея выступаў за «Нёман», у складзе якога стаў чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі, а таксама ўладальнікам Кантынентальнага кубка.
Таксама ў актыве Саманькова значыцца два таварыскія матчы ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.
Да «Чыксэрэды» галкіпер далучыцца 15 жніўня, — паведамляе фэйсбук румынскага клуба.