АБНОЎЛЕНА. Сумна скончыўся Парад на Дзень незалежнасці ў Мінску. Падчас святочнага салюта некалькі ракет выбухнулі на зямлі, паведамляе euroradio.fm. У выніку пацярпелі 10 чалавек. Адна з пацярпелых, 64-гадовая жанчына, загінула.
Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў Міністэрстве абароны.
«Паводле дадзеных следства, 3 ліпеня ў ходзе правядзення святочнага салюту ў Мінску адбыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў. У выніку разбураны салютныя ўстаноўкі, разлётам аскепкаў нанесены цялесныя пашкоджанні не менш чым 10 грамадзянам. Адна жанчына, нягледзячы на аператыўна аказаную медыцынскую дапамогу, памерла на месцы здарэння. Акрамя таго, пашкоджаныя будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца паблізу, — напісана ў афіцыйным тэлеграм-канале Следчага камітэта.
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта па факце здарэння распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 463 (парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Відавочцы паведамлялі, што кавалак ракеты ад феерверка трапіў у шыю жанчыне, якая назірала за салютам са сваёй дачкой. Адкрыўся моцны крывацёк, медыкі спрабавалі рэанімаваць яе на набярэжнай Свіслачы ў раёне спартовага комплекса «Дынама», але не змаглі.
У выніку надзвычайнага здарэння павыбівала шыбы ў некалькіх будынках.