Польскі валанцёр Пшэмэк Кучынскі развівае ў Гродне ініцыятыву бясплатных экскурсій для замежных турыстаў. Гэта не спадабалася беларускім чыноўнікам ад турызму, пра што напісаў партал profi.travel. Сам Пшемек лічыць, што з free tours праблем у горадзе не павінна ўзнікаць, а крытыка ў яго бок неабгрунтаваная.

Бясплатныя экскурсіі ў Гродне абурылі чыноўнікаў ад турызму: што ім не спадабалася?

Выданне піша, што паляк пастаянна не пражывае на тэрыторыі Беларусі і не мае атэстацыі экскурсавода, але пры гэтым вядзе экскурсіі, а гэта — парушэнне закона «Аб турызме». Free Walking Tour аўтар апісвае такімі словамі: рызыка сыходу ад падаткаў у «шэрыя схемы», нядобрасумленная канкурэнцыя, праца без ліцэнзіі, дэмпінг, сумніўная якасць паслуг, адсутнасць адказнасці і кантролю. Для большай пераканаўчасці цытуюцца чацвёра прадстаўнікоў турыстычнай сферы Беларусі: усе як адзін кажуць, што Free walking tour — незаконная дзейнасць.


У Гродне з’явіліся бясплатныя экскурсіі на замежных мовах. Іх арганізаваў валанцёр з Польшчы


Кіраўнік Гродзенскага рэгіянальнага аддзялення саюза туріндустрыі Беларусі Мікалай Братанюк лічыць, што такія ініцыятывы парушаюць закон: праводзіць экскурсіі на тэрыторыі Беларусі могуць толькі людзі з адпаведнай адукацыяй і акрэдытацыяй Нацыянальнага агенцтва па турызме.

«Паспрабуйце прыехаць у Варшаву або Кракаў і правесці там экскурсію для беларусаў. Незалежна — платная ці бясплатная — паліцыя хутка зацікавіцца вашай дзейнасцю», — сказаў Мікалай Братанюк, падкрэсліўшы, што нават бясплатныя экскурсіі ў Беларусі павінны праводзіцца на падставе акрэдытацыі і дазволу.

Насамрэч, у Польшчы абавязковае ліцэнзаванне экскурсаводаў ужо гадоў пяць як адменена, звяртае ўвагу Пшэмэк Кучынскі. Ды і раней гэта было дыскусійнае пытанне: бо Free Tours гэта не нелегальная праца з арганізаванымі групамі, якая парушае інтарэсы турфірм, а нешта зусім іншае.

Пшэмэк звяртае ўвагу, што ў Мінску такая ініцыятыва працуе ўжо тры гады — пытанняў і складанасцяў не ўзнікае.

«Няправільная» гісторыя?

Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме, у размове з profi.travel звярнуў увагу, што хоць у Польшчы і Беларусі вялікая агульная гісторыя, часам асобныя моманты тлумачацца па-рознаму.

«І ёсць асцярогі, што некаторыя гістарычныя факты могуць быць скажоныя. Таму хацелася б вывучыць тэкст экскурсіі, як падаюцца тыя ці іншыя падзеі. Усё павінна быць у рамках закона — нават ініцыятывы, якія не маюць пад сабой камерцыйнай асновы, павінны быць зацверджаны мясцовымі ўпраўленнямі спорту і турызму, каб каардынаваць агульныя дзеянні».

Пшэмку непрыемна, што чыноўнік ад турызму намякае, што ён, як паляк, будзе прадстаўляць «няправільную» гісторыю. «Ды і наогул, людзей больш цікавіць, колькі ў Беларусі каштуюць кватэры, чым колькі Гродна было ў складзе Польшчы. Дарэчы, асабіста я лічу, што няпоўных 20 гадоў, — кажа Пшэмэк і звяртае ўвагу на назву сваёй ініцыятывы. — Гэта Hrodna Free Walking Tour, а не Grodno — і нават тут у назве відаць, якую „версію“ гісторыі я даю».

Пшэмэк кажа, што яго асноўная ідэя — стварыць праект, які будзе існаваць і пасля яго ад’езду з Гродна. Ужо зараз да яго звярнулася пяць гродзенцаў, якія хацелі б быць экскурсаводамі. Ён спадзяецца, што арганізуе такі самы рух у Брэсце, куды ў будучыні хоча пераехаць. А ў Гродне змогуць працягваць і без яго. Калі, вядома, улады і прафесійныя турфірмы не паспрабуюць прыкрыць такую ​​дзейнасць.