У гарвыканкаме распавялі, што пралёт самалёта над Гродна 3 ліпеня адбудзецца. Што адтуль спусцяць, пакуль узгадняецца. Спачатку меркавалася, што гэта будуць улёткі з віншаваннем, потым прапаноўваліся і іншыя варыянты. Каля 14.00 2 ліпеня рашэнне яшчэ ўзгаднялася.
Чытачы Hrodna.life пыталіся, хто будзе прыбіраць рассыпаныя ўлёткі, калі гэта будуць яны, і ці не пашкодзіць такая акцыя стану навакольнага асяроддзя ў горадзе. У гарвыканкаме запэўнілі, што не зашкодзіць: «Мы не будзем засыпаць увесь горад, мы толькі над гістарычнай часткай у адным месцы павіншуем».
Яшчэ гродзенцы казалі, што такая акцыя можа выклікаць і негатыўныя асацыяцыі, таму што ўлёткі з агітацыяй раскідвалі два ваюючых бакі.
— Калі вы цікавіліся гісторыяй, у часы Вялікай Айчыннай вайны гэта быў распаўсюджаны жэст, калі з мэтай агітацыі за абарону нашай радзімы нашым людзям, якія ваявалі за сваю краіну, раскідваліся такія вось ўлёткі. Каб прыцягнуць, загітаваць і каб усе не паддаліся паніцы, а, наадварот, падтрымліваўся баявы дух. Думаю, што тут нічога страшнага няма, мы проста паўтараем гэты прыгожы гістарычны элемент, — кажа Галіна Ераміновіч, намеснік начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама.
— Але ў многіх гэта выклікае і негатыўныя асацыяцыі, бо ўлёткі раскідваў і нямецкі бок…
— З нямецкімі было крыху па-іншаму. Там была адпаведная тэматыка, кірунак. А мы, наадварот, гаворым пра патрыятызм, пра выхаванне, пра гонар за нашу краіну.