Канадзец Мэт прыехаў у Беларусь на чэмпіянат свету па настольным хакеі, які праходзіў у Раўбічах. Пасля спаборніцтваў іншаземец вырашыў бліжэй пазнаць Беларусь і ў канцы чэрвеня зазірнуў у Гродна. Пра сваю паездку ён зняў відэа.
У Беларусі Мэт упершыню. Калі ён сюды збіраўся, думаў, што прыедзе ў бедную, закрытую ад знешняга свету краіну ў цэнтры Еўропы. Але чаканні не апраўдаліся.
«Думаў, што ў Беларусі дыктатура і краіна будзе падобная да Расіі. Але ўсё аказалася інакш — вонкава краіна нармальная, вялікія гарады, ёсць дарагія аўто, шмат міліцыі не відаць, ды і мяжу з усмешлівымі памежнікамі прайшоў без праблем. Адзін мінус для турыста — гэта пастаянная рэгістрацыя ў міліцыі, калі засяляцца ў гатэлі», — распавёў Мэт.
Адзнятыя ролікі Мэт выкладвае на сваім канале на YouTube. Пра Гродна ён зрабіў сюжэт з пешаходнай вуліцы Савецкай.
«Было б глупа наведаць толькі Раўбічы і так скласці ўражанне пра Беларусь, таму я вырашыў бліжэй пазнаць гэтую краіну. Паездкай задаволены, сюды варта вярнуцца», — дадаў мужчына.
Мэт пабываў яшчэ ў Мінску і Брэсце. Далей ён накіраваўся ў Літву.